«Не зацыклівайся на гендарных стэрэатыпах, прынамсі, сам-насам з сабой. Персоны могуць выглядаць як заўгодна. Я небінарная персона, якая носіць макіяж і сукенкі. Усё гэта дазволена». — Нур
Што значыць быць транс-персонай?
Традыцыйна пол прыпісваецца пры нараджэнні на аснове вонкавых прыкмет. Многіх выхоўваюць з уяўленнем пра тое, што анатомія жорстка вызначае гендар. Па меры сталення з прыпісаным пры нараджэнні полам звязваюць мноства чаканняў: якую адзежу насіць, як выглядаць і як паводзіць сябе. Але некаторыя персоны пачынаюць адчуваць, што іх гендарная ідэнтычнасць (унутранае самаадчуванне) не супадае з прыпісаным пры нараджэнні полам.
Напрыклад, персона, якой пры нараджэнні прыпісалі жаночы пол, можа ідэнтыфікаваць сябе як мужчыну. Ці персона, якой пры нараджэнні прыпісалі мужчынскі пол, можа адчуваць сябе жанчынай. Такія людзі часта называюць сябе трансгендарнымі людзьмі або транс-персонамі. Некаторыя выяўляюць, што ні «мужчына», ні «жанчына» ім не падыходзіць, і выбіраюць іншыя тэрміны: небінарная персона, гендарквір або гендарфлюід. Досвед кожнай персоны важны, і ўсе мы маем права жыць у тым гендары, які падыходзіць больш за ўсё.
«Твой жыццёвы досвед і асабістыя перавагі — самыя важныя рэчы ў тым, як ты вызначаеш сябе». — Лара
Ключавыя Вызначэнні
-
Пол, прыпісаны пры нараджэнні: Пры нараджэнні лекары вызначаюць пол — мужчынскі ці жаночы — грунтуючыся на біялагічных прыкметах.
-
Гендар: Тое, што вызначае персону праз спектр феміннасці або маскуліннасці. Гэта ўключае ў сябе як сацыяльныя чаканні адносна паводзін, так і асабістае самаадчуванне і самаідэнтыфікацыю.
-
Сексуальная арыентацыя: Тое, да каго ты адчуваеш цягу. Яна не вызначаецца прыпісаным пры нараджэнні полам або гендарам. Транс-персоны могуць мець любую арыентацыю.
-
Цісгендарнасць: Гендарная ідэнтычнасць, пры якой прыпісаны пры нараджэнні пол і гендар супадаюць. Напрыклад, персона, якой пры нараджэнні прыпісалі жаночы пол, адчувае сябе жанчынай.
-
Інтэрсекс-варыяцыі: Асаблівасці арганізма (геніталіі, гармоны ці храмасомы), якія не адпавядаюць тыповай бінарнай сістэме.
Транс-персоны — натуральная частка грамадства ва ўсім свеце.
Як даведацца, што я транс-персона, — і ці нармальна гэта?
Быць транс-персонай — гэта абсалютна нармальна! Людзі, чыё ўяўленне пра гендар выходзіць за межы агульнапрынятага, існавалі заўсёды і ў розных культурах.
Усведамленне свайго гендара можа быць доўгім працэсам. Ты можаш адчуваць сябе камфортней, калі навакольныя ўспрымаюць цябе ў гендары, які адрозніваецца ад прыпісанага табе пры нараджэнні. Гэта можа праяўляцца ў змене стылю адзення, фрызуры, імя або ў адчуванні дыскамфорту ў адносінах да свайго цела. Досвед кожнай персоны ўнікальны.
Пытанні для разважання:
-
Што я адчуваю, калі да мяне звяртаюцца, выкарыстоўваючы гендарныя канчаткі або словы накшталт «дзяўчына», «малады чалавек», «хлопец»?
-
Ці адчуваю я, што маё цела не адпавядае майму ўнутранаму самаадчуванню?
-
Ці падабалася мне ў дзяцінстве ўяўляць сябе персонай іншага гендара або гуляць у «чужыя» сацыяльныя ролі?
-
Ці падыходзіць мне той гендар, які мне прыпісалі пры нараджэнні?
Не хвалюйся, калі адказаў пакуль няма. Разуменне сябе можа заняць час. Толькі табе вядома, як правільна сябе ідэнтыфікаваць і выяўляць.
«Мая супольнасць — адна з самых важных рэчаў у маім жыцці. Самых блізкіх людзей мне ўдалося знайсці праз актывізм». — Осе
Як гэта — быць маладой транс-персонай?
Трансфобія ўсё яшчэ існуе, але маладыя людзі пракладаюць шлях да прыняцця. Твой гендар — гэта толькі адна з тваіх частак. Некаторыя транс-падлеткі непакояцца пра рэакцыю аднагодкаў ці сям’і. Не існуе адзінага правільнага спосабу здзяйсняць камінг-аўт.
Падтрымка на гэтым шляху вельмі важная. Сацыяльныя сеткі дапамагаюць знаходзіць тых, хто цябе разумее. Многія вядуць блогі, дзелячыся сваім досведам. Таксама існуюць групы падтрымкі ў некаторых адукацыйных прасторах або онлайн-супольнасці.
«Калі сябры падтрымліваюць цябе, пагавары з імі. Яны могуць першымі пачаць выкарыстоўваць тыя займеннікі, якіх ты заслугоўваеш, і па-сапраўднаму падтрымаць твой шлях». — Алекс
Ці варта мне здзяйсняць камінг-аўт?
Камінг-аўт — гэта працэс прыняцця свайго гендара і рашэнне пра тое, наколькі адкрыта ты хочаш пра яго казаць. Няма неабходнасці адкрывацца, калі не адчуваеш бяспекі ці гатовасці. Твая бяспека — гэта прыярытэт.
Калі вырашышся, пачні з тых, каму давяраеш: з блізкага кола, сіблінгаў або звярнуўшыся па правераную псіхалагічную падтрымку. Рэакцыі бываюць рознымі: можна сустрэць як прыняцце, так і яго адсутнасць. Гэта асабісты шлях, і няправільнага спосабу яго прайсці не існуе. Большасць маладых людзей пасля прыняцця сябе адчуваюць сябе спакайней і ўпэўненей.
Што такое пераход?
Пераход — гэта працэс змен, які дапамагае дасягнуць гармоніі паміж самаадчуваннем, вонкавым выглядам і тым, як цябе ўспрымае грамадства. Гэты шлях можа ўключаць сацыяльныя, юрыдычныя або медыцынскія аспекты, а можа не закранаць іх зусім. Універсальнага ці "правільнага" спосабу быць транс-персонай не існуе.
Віды пераходу:
-
Сацыяльны: Выбар новага імя, выкарыстанне падыходных займеннікаў, змена вонкавага выгляду, манеры апранання ці фрызуры.
-
Юрыдычны: Змена імя і гендарнага маркера ў афіцыйных дакументах (пасведчанне аб нараджэнні, пашпарт, пасведчанні). Магчымасці гэтага працэсу залежаць ад заканадаўства краіны, у якой ты жывеш.
-
Медыцынскі: Гарманальная тэрапія, аперацыі па карэкцыі вонкавага выгляду (грудзі, геніталіі) ці іншыя працэдуры (напрыклад, лазерная эпіляцыя).
Медыцынскія працэдуры могуць быць дарагімі, і не ўсе іх патрабуюць. Наяўнасць ці адсутнасць аперацый не робіць цябе «больш» ці «менш» транс-персонай. Толькі ты вырашаеш, што неабходна для твайго камфорту.
Займеннікі
Займеннікі — гэта словы, з дапамогай якіх навакольныя звяртаюцца да нас ці кажуць пра нас. Жанчыны часта выкарыстоўваюць «яна», мужчыны — «ён», а небінарныя персоны могуць аддаваць перавагу «яны» ці іншым формам. Важна пытацца, якія займеннікі выкарыстоўвае персона, і паважаць гэты выбар.
А што наконт маёй сексуальнасці?
Гендарная ідэнтычнасць (унутранае самаадчуванне) і сексуальная арыентацыя (напрамак цягі) — гэта розныя грані асобы. Транс-персоны могуць належаць да любога спектра: быць гетэрасексуальнымі, гомасексуальнымі, бісексуальнымі, асексуальнымі або квір-персонамі. Сексуальнасць можа трансфармавацца і ўдакладняцца на працягу жыцця, і гэта натуральны працэс развіцця.
Турбота пра сваё сексуальнае здароўе
Турбота пра здароўе ў кантэксце блізкасці азначае:
-
прымаць свядомыя рашэнні пра тое, што ты хочаш ці не хочаш рабіць у партнёрстве;
-
выразна паведамляць пра свае жаданні і мяжы;
-
выкарыстоўваць абарону ад ІППП і непажаданай цяжарнасці.
Любыя віды сэксу, уключаючы выкарыстанне цацак, могуць несці рызыкі перадачы ІППП і ВІЧ. Рэгулярнае тэсціраванне (раз на год) — важная частка клопату пра сябе.
Абарона ад цяжарнасці: Калі ў адной персоны ў пары ёсць пеніс і яечкі а ў другой — похва і матка, у выніку вагінальнага кантакту можа наступіць цяжарнасць. Прэзерватывыі метады кантрацэпцыі эфектыўныя для абароны.
Рызыкі і абарона:
-
Аральны і анальны сэкс: Рызыка ВІЧ і ІППП. Абарона: прэзерватывы, дэнтальныя сурвэткі, PrEP (ДКП).
-
Вагінальны сэкс: Рызыка ВІЧ, ІППП і цяжарнасці. Абарона: прэзерватывы, кантрацэпцыя, PrEP (ДКП).
У здаровым партнёрстве:
-
Паважаюць адно аднаго.
-
Выкарыстоўваюць тыя імя і займеннікі, пра якія просіць персона.
-
Давяраюць адно аднаму і прымаюць адрозненні.
-
Паважаюць права на асабістую прастору і прыватнасць.
-
Паважаюць сексуальныя мяжы і права сказаць «не».
-
Шчыра абмяркоўваюць пытанні здароўя.
Калі ў адносінах прысутнічае кантроль, прымус або гвалт — гэта нездаровыя адносіны. Ты маеш права спыніць іх у любы момант.
«Не ідзі на кампраміс у патрабаванні павагі. Людзі часта ставяць пад сумнеў маю ідэнтычнасць, калі мой вонкавы выгляд не адпавядае іх чаканням, і гэта вымотвае. Але я ніколі не дазваляю ім уплываць на тое, як я жыву ў гэтым свеце». — Осе
Твае Правы і Падтрымка
Кожная персона мае базавае чалавечае права быць сабой. Ніхто не мае права вызначаць твой гендар за цябе. У розных рэгіёнах законы і правілы могуць не ўлічваць правы транс-людзей, таму важна вывучыць правілы там, дзе ты жывеш.
Куды звярнуцца:
-
Звярніся да тых са старэйшага кола, каму ты давяраеш: блізкія людзі, сіблінгі або службы псіхалагічнай падтрымкі.
-
Лакальныя НКА і онлайн-супольнасці падтрымкі транс-персон.
-
Дружалюбныя лекары, якія працуюць канфідэнцыйна.
«Камінг-аўт — гэта доўгі працэс. Мая ідэнтычнасць пастаянна развіваецца, і ў мяне ёсць усё жыццё, каб адкрыцца свету. Мая ідэнтычнасць належыць мне». — Тайюнік
ДУМАЕШ, ТЫ МОЖАШ БЫЦЬ ТРАНС-ПЕРСОНАЙ? ЦЯБЕ ЛЮБЯЦЬ І ЦЭНЯЦЬ ЗА ТОЕ, ХТО ТЫ ЁСЦЬ.



