Перайсці да змесціва
Кампанія LGBTQ+ House · артыкул 19.16 КаАП Беларусі

Артыкул 19.16: 100 дзён

За права ЛГБТК+ людзей у Беларусі на інфармацыю і падтрымку.

27 верасня 2026 года спаўняецца 100 дзён дзеяння артыкула 19.16 КаАП Беларусі. Норма дазваляе караць за распаўсюд інфармацыі, якую ўлады палічаць такой, што фарміруе ўяўленне пра «прывабнасць» гомасексуальных адносін, гендарнага пераходу або бяздзетнасці.

LGBTQ+ House дамагаецца адмены дыскрымінацыйнай нормы, міжнароднага кантролю за яе прымяненнем і ўліку звязаных з ёй рызык пры прадастаўленні абароны. Тут апублікаваныя даследаванне, даныя BLDPI і канкрэтныя прапановы для механізмаў ААН, інстытуцый ЕС і дзяржаў прыёму.

BLDPI: па 31 жніўня 2026 года. Пошук дакументаў: па 21 верасня; асобныя нарматыўныя крыніцы правераны 22 верасня.

Рэкамендацыі

Даследаванне аб’ядноўвае тэкст закона, дакументы ААН, паведамленні праваабарончых арганізацый і даныя BLDPI. Яно паказвае, што новая норма дзейнічае на фоне ўжо існых абмежаванняў доступу да інфармацыі і дапамогі. Паведамленні пра прымяненне з’явіліся, але апублікаваных даных недастаткова для ацэнкі маштабу. Пікі дыскурсіўнага ціску супалі з прыняццем закона і ўступленнем нормы ў сілу; паводле індэкса нельга вызначыць інтэнсіўнасць пераследу.

Кампанія прапануе наступныя дзеянні ў межах кампетэнцыі кожнага адрасата. Патрабаванні да ўладаў Беларусі сфармуляваныя ў адкрытым звароце.

Механізмам ААН

Запытаць у Беларусі звесткі пра прымяненне артыкула 19.16, крытэрыі кваліфікацыі інфармацыі і меры ў дачыненні да людзей і арганізацый. Адлюстраваць выяўленыя рызыкі і паведамленні пра прымяненне ў працы спецыяльных працэдур і механізмаў па Беларусі.

Спецыяльным працэдурам — накіраваць наступную камунікацыю аб прымяненні прынятай нормы. Спецдакладчыку па Беларусі і Групе незалежных экспертаў — уключыць даступныя звесткі аб яе прымяненні ў наступныя даклады.

Інстытуцыям ЕС і дзяржавам-членам

Заклікаць да адмены дыскрымінацыйнай нормы і спынення пераследу за правамернае выказванне меркаванняў. Узняць пытанне ў заявах і парламенцкіх запытах. Абнавіць краінавую інфармацыю з улікам новай нормы і даступных паведамленняў пра яе прымяненне.

Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў — уключыць пытанне ў публічныя пазіцыі ЕС; дэпутатам Еўрапарламента — накіраваць пісьмовыя пытанні; EUAA — абнавіць краінавую інфармацыю пра становішча ЛГБТК+ людзей у Беларусі.

Польшчы і іншым дзяржавам прыёму

Улічваць рызыкі, звязаныя з сексуальнай арыентацыяй і гендарнай ідэнтычнасцю, пры індывідуальнай ацэнцы заяў аб абароне, уключаючы выпадкі без афіцыйных дакументаў аб пераследзе. Разглядаць даступныя гуманітарныя механізмы для людзей, якім пагражае небяспека.

Упраўленню па справах іншаземцаў — абнавіць краінавую ацэнку; МЗС і консульствам — разглядаць гуманітарныя візавыя механізмы; Памежнай варце — растлумачыць прымяненне прадугледжанага законам выключэння для грамадзян Беларусі.

Адрасныя рэкамендацыі з пытаннямі ўраду Беларусі і праектамі фармулёвак для заяў і парламенцкіх запытаў сабраныя ў адвакацыйным брыфе. Рэкамендацыі для іншых міжнародных механізмаў, арганізацый і платформаў — у раздзеле 6 брыфа і ў раздзеле 8 даследавання.

Ключавыя факты

19 чэрвеня 2026

Артыкул 19.16 дзейнічае з 19 чэрвеня 2026 года. Частка 1 прымяняецца незалежна ад узросту адрасата. Для фізічных асоб яна прадугледжвае штраф да 20 базавых велічынь; частка 2, пры азнаямленні непаўналетняга, — штраф 20–30 базавых велічынь, грамадскія работы або адміністрацыйны арышт. Для арганізацый: частка 1 — 100–150, частка 2 — 150–200 базавых велічынь.

Першыя паведамленні пра прымяненне

15 жніўня 2026 года ініцыятыва TG House публічна паведаміла, што ўжо задакументавала пераслед паводле артыкула 19.16; 8 верасня — пра тры пацверджаныя ёю выпадкі; даты і працэсуальныя вынікі не раскрытыя. Асобна арганізацыя паведаміла пра 24 звароты па дапамогу ў сувязі з пераследам, пагрозамі або рызыкай рэпрэсій за май–жнівень 2026 года і пра дзесяць людзей, якім дапамагла выехаць. Гэтыя паказчыкі нельга складаць.

×3,8 за месяц

У красавіку 2026 года значэнне індэкса BLDPI склала 5 020 пунктаў супраць 1 308 у сакавіку. Каля 62 % красавіцкага значэння прыпала на 15 і 16 красавіка; паведамленні пра закон апублікавалі 42 каналы судоў. Найбольшы ўклад у красавіку далі катэгорыі дзяржаўных органаў і СМІ.

8 з 8 не падтрыманыя

У студзені 2026 года Беларусь не падтрымала ніводнай з васьмі рэкамендацый Універсальнага перыядычнага агляду па сексуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці, аднёсшы іх да «палітызаваных». Па стане на 21 верасня 2026 года адказ Беларусі на камунікацыю OL BLR 13/2025 не быў апублікаваны ў адкрытым рэестры спецыяльных працэдур ААН.

Што гэта за норма

Артыкул 19.16 уведзены Законам № 138-З ад 15 красавіка 2026 года і дзейнічае з 19 чэрвеня. Ён прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за распаўсюд інфармацыі з указанай у артыкуле мэтай фарміравання ўяўленняў пра «прывабнасць». Частка 1 прымяняецца незалежна ад узросту адрасата; частка 2 узмацняе адказнасць пры азнаямленні непаўналетняга.

У адрозненне ад адказнасці за распаўсюд матэрыялаў з Рэспубліканскага спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў, прымяненне артыкула 19.16 не патрабуе папярэдняга ўключэння канкрэтнага матэрыялу ў пералік. Нявызначанасць фармулёвак стварае рызыку прымянення да інфармацыі пра здароўе, правы, асабісты досвед і культуру. Гаворка ідзе ў тым ліку пра рызыкі для публікацый пра здароўе і гендарны пераход, прававых тлумачэнняў, культурных твораў і абмену асабістым досведам. Эксперты ААН ацанілі беларускую норму; рашэнні ЕСПЧ і Суда ЕС па падобных абмежаваннях у іншых краінах даюць параўнальную прававую аснову. У даследаванні асобна разабраны тэкст нормы, ранейшыя абмежаванні і даступныя паведамленні пра практыку.

Храналогія

  • 19.03.2024Прынята пастанова Мінкультуры № 24, якая адносіць «нетрадыцыйныя палавыя адносіны» да «сексуальных збочванняў» у рэгуляванні эратычнай прадукцыі. Уступіла ў сілу 12 красавіка.
  • 28.03.2024Уступае ў сілу рашэнне аб прызнанні рэсурсаў TG House экстрэмісцкімі матэрыяламі.
  • 21.11.2024З’яўляецца першы спіс друкаваных выданняў, распаўсюджванне якіх забаронена як здольнае прычыніць шкоду нацыянальным інтарэсам.
  • 09.07.2025У Палату прадстаўнікоў унесены праект паправак, які прадугледжвае новую адказнасць за распаўсюджванне інфармацыі.
  • 03.11.2025У межах Універсальнага перыядычнага агляду Беларусь атрымлівае рэкамендацыі па сексуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці, уключаючы адмову ад новай дыскрымінацыйнай нормы.
  • 03.12.2025Шэсць мандатаў спецыяльных працэдур ААН накіроўваюць Беларусі камунікацыю OL BLR 13/2025 аб законапраекце.
  • 08.01.2026Беларусь адхіляе ўсе восем рэкамендацый УПА па сексуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці.
  • 16.01.2026Уступаюць у сілу абмежаванні інфармацыі для дзяцей, прадугледжаныя папраўкамі да Закона «Аб правах дзіцяці».
  • 15.04.2026Падпісаны Закон № 138-З. Сем мандатаў ААН называюць закон «небяспечнай эскалацыяй».
  • 21.04.2026Суд ЕС выносіць рашэнне па справе C‑769/22 аб венгерскіх абмежаваннях ЛГБТК+ кантэнту. Рашэнне дае параўнальную прававую аснову для ацэнкі падобных забаронаў.
  • 19.06.2026Артыкул 19.16 уступае ў сілу.
  • 12–21.08.2026Выстава PRAPAHANDA ў Варшаве становіцца публічным адкрыццём кампаніі LGBTQ+ House.
  • 15.08.2026Ініцыятыва TG House публічна паведамляе, што ўжо задакументавала пераслед паводле артыкула 19.16.
  • 08.09.2026Ініцыятыва TG House паведамляе пра тры пацверджаныя ёю выпадкі паводле артыкула 19.16; даты выпадкаў і працэсуальныя вынікі не раскрытыя.
  • 27.09.2026Спаўняецца 100 дзён дзеяння артыкула 19.16.

Матэрыялы

Даследаванне і набор даных BLDPI апублікаваныя ў адкрытым доступе пад ліцэнзіяй CC BY 4.0 і маюць DOI. Пры цытаванні даследавання ўказвайце яго DOI, пры цытаванні даных — DOI набору. Пры выкарыстанні звестак пра выпадкі пераследу ўказвайце арганізацыю або публікацыю, якая паведаміла пра іх.

«Доступ да інфармацыі і падтрымкі ва ўмовах артыкула 19.16 КаАП Рэспублікі Беларусь». Прававы аналіз, апублікаваныя паведамленні пра прымяненне, даныя BLDPI, абмежаванні доступу да дапамогі і рэкамендацыі. Спасылкі на нарматыўныя акты, дакументы ААН, судовыя рашэнні і першасныя публікацыі. Руская, англійская і беларуская мовы.

Што могуць зрабіць механізмы ААН, інстытуцыі ЕС, дзяржавы прыёму, міжнародныя арганізацыі і даследчыя цэнтры: адрасныя рэкамендацыі, пытанні ўраду Беларусі і праекты фармулёвак для заяў і парламенцкіх запытаў. Руская, англійская і беларуская мовы.

Падтрымаць права на інфармацыю і абарону

LGBTQ+ House запрашае арганізацыі далучыцца да адкрытага звароту ў сувязі з артыкулам 19.16 КаАП Беларусі. Мы заклікаем скасаваць дыскрымінацыйную норму, забяспечыць міжнародны кантроль за яе прымяненнем і ўлічваць звязаныя з ёй рызыкі пры прадастаўленні абароны.

Прачытайце поўны тэкст звароту. Для далучэння напішыце з адраса арганізацыі: яе назву, краіну і пацвярджэнне згоды з тэкстам і публікацыяй назвы ў спісе тых, хто падтрымаў. Лагатып — па жаданні. Спіс абнаўляецца па меры далучэння арганізацый.

Што паказвае індэкс BLDPI

BLDPI — індэкс дыскурсіўнага ціску на ЛГБТК+ людзей, распрацаваны LGBTQ+ House. Ён разлічваецца па паведамленнях у назіранай сукупнасці з 520 публічных Telegram-каналаў з рэдакцыямі ўнутры Беларусі. Індэкс паказвае інтэнсіўнасць і структуру ціску ў гэтых каналах; яго значэнні не з’яўляюцца колькасцю пацярпелых або ацэнкай грамадскай думкі.

Рэлевантныя паведамленні адбіраюцца аўтаматычна і правяраюцца ўручную. Уклад паведамлення ў індэкс залежыць ад інтэнсіўнасці ціску, катэгорыі крыніцы і памеру аўдыторыі. Метадалогія, кодбукі і месячныя даныя апублікаваныя на старонцы індэкса і разам з наборам даных. Асобны паказчык PDI адлюстроўвае выяўленыя паведамленні ў абарону правоў ЛГБТК+ людзей; нулявое значэнне азначае, што такія паведамленні не выяўленыя выкарыстоўваным метадам у назіранай сукупнасці каналаў.

BLDPI: monthly PI by source category and PDI, Sept 2025 – Aug 2026

З якіх крыніц зыходзіў ціск

У красавіку ўклад каналаў дзяржаўных органаў вырас з 73 да 1 308 пунктаў, катэгорыі СМІ — з 374 да 2 237. Гэта паказвае змяненне складу крыніц, якія фарміравалі вымераны ціск у месяц прыняцця закона.

У ліпені–жніўні ўнёсак СМІ ў індэкс знізіўся

Пасля чэрвеньскага росту значэнне індэкса зніжалася ў ліпені і жніўні. У жніўні яно склала 624 пункты пры 111 негатыўных публікацыях. Гэта зніжэнне вымеранага ціску, а не сведчанне знікнення тэмы з публічнай прасторы або спынення пераследу.

Індэкс не вымярае бяспеку людзей

Па BLDPI нельга вызначыць колькасць пратаколаў, затрыманняў або зваротаў па дапамогу. Даныя арганізацый дапамогі ахопліваюць іншыя паказчыкі і перыяды; яны не ўтвараюць супастаўнага месячнага шэрагу для ацэнкі сувязі з індэксам.

Як цытаваць даныя. Даныя індэкса, рамка назірання і штомесячныя справаздачы дэпанаваныя на Zenodo і маюць пастаянны ідэнтыфікатар DOI.

DOI LGBTQ+ House (2026). Belarus LGBTQ+ Discourse Pressure Index (BLDPI). Zenodo. https://doi.org/10.5281/zenodo.22876522

Бягучая версія 2026.08 (верасень 2025 — жнівень 2026) · Ліцэнзія CC BY 4.0

PRAPAHANDA: культурная частка кампаніі

Выстава PRAPAHANDA прайшла 12–21 жніўня 2026 года ў прасторы Nowe Miejsce ў Варшаве і стала публічным адкрыццём кампаніі. Працы квір-аўтараў з Беларусі, Польшчы і Украіны стварылі прастору для размовы пра ідэнтычнасць, асабісты досвед і права на публічную прысутнасць.

Выстава звязала прававую тэму кампаніі з мастацкім выказваннем: нявызначанасць артыкула 19.16 стварае ў Беларусі рызыкі для падобнага публічнага выражэння. Працы ўдзельнікаў і праграма прадстаўленыя на сайце выставы.

PRAPAHANDA, Nowe Miejsce, Warsaw, August 2026
PRAPAHANDA, Nowe Miejsce, Warsaw, August 2026
PRAPAHANDA, Nowe Miejsce, Warsaw, August 2026
PRAPAHANDA, Nowe Miejsce, Warsaw, August 2026

Фота з вернісажу 12 жніўня 2026 года. Праграма, удзельнікі і больш фатаграфій — на сайце выставы.

Як далучыцца

Арганізацыям

Падтрымаць адкрыты зварот і выкарыстоўваць рэкамендацыі ва ўласнай адвокацыі. Парадак далучэння арганізацый і даследчыкаў — на старонцы звароту.

Інстытуцыям

Для інстытуцый падрыхтаваныя даследаванне і брыф з адраснымі рэкамендацыямі. Па пытаннях апублікаваных матэрыялаў можна звязацца з LGBTQ+ House: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў вас павінен быць уключаны JavaScript у браўзэры..

Медыя і даследчыкам

Выкарыстоўваць даследаванне і дадзеныя BLDPI з указаннем крыніцы. Указвайце крыніцу звестак і перыяд, да якога яны адносяцца.