«Не дазваляй грамадству залічаць цябе да "заблытаных" або "прагных" праз тое, хто ты ёсць. Мы дакладна ведаем, чаго хочам. Усведамленне сябе бі- або пансексуальнай персонай не робіць нас іншымі — гэта справядліва для ўсіх, хто належыць да ЛГБТК+ супольнасці». — Ліза, 23
Што значыць быць бі-персонай?
Бі-персоны — гэта тыя, хто здольны адчуваць цягу і ўступаць у адносіны з персонамі больш чым аднаго гендара. Бі-персона, напрыклад, можа сустракацца або быць у шлюбе з жанчынай, мужчынам або небінарнай персонай.
У цябе могуць быць перавагі да пэўнага гендара, або яны могуць змяняцца з часам. Сексуальная арыентацыя не залежыць ад бягучага статусу адносін: калі бі-персона знаходзіцца ў адносінах з жанчынай, яна не становіцца гетэрасексуальнай персонай — яе ідэнтычнасць застаецца ранейшай.
Некаторыя могуць выкарыстоўваць іншыя тэрміны: «пансексуальныя персоны», «квір» або «гей/лесбіянка». Пансексуальнасць часта становіцца выбарам тых, для каго гендарная ідэнтычнасць у адносінах не з'яўляецца вызначальным фактарам. «Квір» — гэта парасонавы тэрмін, які азначае, што персона не з'яўляецца гетэрасексуальнай.
Ключавыя вызначэнні
-
Пол, прыпісаны пры нараджэнні: Пры нараджэнні лекары вызначаюць пол, грунтуючыся на біялагічных прыкметах.
-
Гендар: Тое, што вызначае персону праз спектр феміннасці або маскуліннасці. Гэта ўключае ў сябе як сацыяльныя чаканні адносна паводзін, так і асабістае самаадчуванне і самаідэнтыфікацыю.
-
Сексуальная арыентацыя: Тое, да каго ты адчуваеш цягу. Яна не вызначаецца прыпісаным пры нараджэнні полам або гендарам.
-
Цісгендарнасць: Гендарная ідэнтычнасць, пры якой прыпісаны пры нараджэнні пол і гендар супадаюць. Напрыклад, персона, якой пры нараджэнні прыпісалі жаночы пол, адчувае сябе жанчынай.
-
Інтэрсекс-варыяцыі: Асаблівасці арганізма, якія не адпавядаюць тыповай бінарнай сістэме.
Бі-персоны складаюць значную частку супольнасці па ўсім свеце.
Як даведацца, ці бі-персона я — і ці нармальна гэта?
Быць бі — гэта абсалютна нармальна! Гэта натуральна, і бісексуальнасць існавала заўсёды. Усведамленне сваёй арыентацыі можа заняць час, і гэта ў парадку рэчаў.
Пытанні для роздуму:
-
Калі ты марыш або фантазіруеш, ці думаеш ты пра людзей розных гендараў?
-
Ці можаш ты ўявіць сябе ў адносінах з персонай любога гендара?
-
Ці здаралася табе закахвацца ў людзей розных гендараў?
Нармальна, калі ў цябе пакуль няма адказаў. Твая ідэнтычнасць можа развівацца. Толькі табе дадзена правільна сябе вызначыць.
«Эксперыментаваць — гэта нармальна. Нармальна нейкі час выкарыстоўваць ярлыкі, а потым зразумець, што яны не падыходзяць. Гэта не робіць цябе «дрэнным» чалавекам». — Нур
Як гэта — быць маладой бі-персонай?
Маладыя людзі пракладаюць шлях да прыняцця, але гомафобія і біфобія ўсё яшчэ існуюць. Часам бісексуальнасць памылкова называюць «фазай», але твае пачуцці рэальныя. Пошук падтрымкі можа палегчыць твой шлях. Сацыяльныя сеткі даюць магчымасць камунікаваць і знаходзіць іншых маладых людзей з ЛГБТК+ супольнасці. У пачатку шляху вельмі важна адчуваць сувязь і падтрымку з боку тых, хто падзяляе твой вопыт і разумее цябе.
«Мая супольнасць — адна з самых важных рэчаў у маім жыцці. Самых блізкіх людзей мне ўдалося знайсці праз актывізм». — Осэ, 19
Ці варта мне здзяйсняць камінг-аўт?
Камінг-аўт — гэта працэс прыняцця сваёй сексуальнасці і рашэнне аб тым, каму пра яе распавесці. Даследаванні паказваюць, што бі-персоны часта радзей здзяйсняюць адкрыты камінг-аўт, чым геі і лесбіянкі. Няма неабходнасці адкрывацца, калі не адчуваеш бяспекі.
Калі вырашышся, пачні з тых, каму давяраеш: з блізкага кола, сіблінгаў або звярнуўшыся па правераную псіхалагічную падтрымку. Пачынаць лепш з таго, хто цябе дакладна выслухае і падтрымае.
«Я была маладая, калі зразумела, што мяне прыцягваюць розныя людзі. У мяне было нейкае пачуццё, якое я яшчэ не магла патлумачыць, пакуль не знайшла падыходнае слова». — Ліза
У здаровым партнёрстве:
-
Паважаюць адно аднаго.
-
Выкарыстоўваюць правільныя імя і займеннікі.
-
Давяраюць адно аднаму і прымаюць адрозненні.
-
Паважаюць права на асабістую прастору.
-
Паважаюць сексуальныя межы і права сказаць «не» сексу.
-
Шчыра абмяркоўваюць пытанні здароўя.
Калі ў адносінах прысутнічае кантроль або гвалт — гэта нездаровыя адносіны. Ты маеш права спыніць іх.
Як клапаціцца пра здароўе, калі ты вырашыш уступіць у сексуальныя адносіны?
Клопат пра здароўе азначае ўсвядомлены падыход да сексу (аральнага, анальнага, вагінальнага) і выкарыстанне абароны. Любыя кантакты могуць несці рызыкі перадачы ІППП і ВІЧ. Рэгулярнае тэсціраванне (раз на год) — важная практыка для цябе і твайго кола блізкасці.
Абарона ад цяжарнасці: Калі ў адной персоны ёсць пеніс і яйкі, а ў іншай — похва і матка, можа наступіць цяжарнасць. Прэзерватывы і метады кантрацэпцыі эфектыўныя для абароны.
Рызыкі і абарона:
-
Аральны і анальны секс: Рызыка ВІЧ і ІППП. Абарона: прэзерватывы, дэнтальныя сурвэткі, PrEP (ДКП).
-
Вагінальны секс: Рызыка ВІЧ, ІППП і цяжарнасці. Абарона: прэзерватывы, кантрацэпцыя, PrEP (ДКП).
«Быць пансексуальнай персонай — гэта цудоўна! Я магу свабодна даследаваць сваю сексуальнасць і любіць усяго сябе!» — Тайрыз
Твае правы і падтрымка
Кожная персона мае базавае чалавечае права быць сабой. Ніхто не мае права вызначаць тваю арыентацыю за цябе. Аднак законы і правілы могуць не заўсёды ўлічваць нашы правы, таму важна вывучыць сітуацыю ў сваім рэгіёне.
Калі патрэбна падтрымка:
-
Звярніся да тых са старэйшага кола, каму ты давяраеш: блізкія людзі, сіблінгі або службы псіхалагічнай падтрымкі.
-
Шукай лакальныя НКА і групы падтрымкі ў тваім раёне.
-
Звяртайся да сяброўскіх лекараў, якія гарантуюць канфідэнцыяльнасць.
«Камінг-аўт — гэта доўгі працэс. Мая ідэнтычнасць пастаянна развіваецца, і ў мяне ёсць усё жыццё, каб адкрыцца свету. Мая ідэнтычнасць належыць мне». — Тайюнік
ДУМАЕШ, ТЫ МОЖАШ БЫЦЬ БІ-ПЕРСОНАЙ? ЦЯБЕ ЛЮБЯЦЬ І ЦЭНЯЦЬ ЗА ТОЕ, ХТО ТЫ ЁСЦЬ.



