Перайсці да змесціва

Бі-бачнасць: гайд па падтрымцы бісексуальных персон

ШТО ТАКОЕ БІСЕКСУАЛЬНАСЦЬ?

Бісексуальнасць — гэта сексуальная арыентацыя, а бісексуальныя (часта скарочана «бі») персоны — гэта тыя, хто здольны адчуваць цягу і/або ўступаць у адносіны з персонамі больш чым аднаго гендара. Папулярнае азначэнне бісексуальнасці, дадзенае бі-актывіст_кай Робін Окс (Robyn Ochs): «Патэнцыйная магчымасць адчуваць цягу — рамантычную і/або сексуальную — да персон больш чым аднаго полу і/або гендара, не абавязкова адначасова, не абавязкова аднолькавым чынам і не абавязкова ў аднолькавай ступені».

Бісексуальныя персоны складаюць значную частку квір-моладзі. Даследаванні паказваюць, што гэта каля 75% маладых людзей, якія ідэнтыфікуюць сябе як ЛГБ. Памятайце, што людзі любога гендара могуць быць бісексуальнымі або адчуваць цягу больш чым да аднаго гендара

Бісексуальнасць бінарная?

Некаторыя сцвярджаюць, што бісексуальнасць умацоўвае гендарную бінарнасць, таму што прэфікс «бі-» у слове «бісексуальнасць» паходзіць ад грэчаскага прэфікса, які азначае «два». Шматлікія словы, якія апісваюць сексуальнасць, першапачаткова караніліся ў гендарнай бінарнасці праз абмежаванае разуменне гендара ў той час шырокім грамадствам. (Напрыклад: слова «гетэрасексуальнасць» мае прэфікс «гетэра-», які паходзіць ад грэчаскага, што азначае «іншы з двух; той, што адрозніваецца».)

Аднак гістарычнае і культурнае азначэнне тэрміна «бісексуальнасць» заўсёды адносілася да больш чым аднаго гендара, і цяперашняе азначэнне не з'яўляецца спецыфічна бінарным. Азначэнні ідэнтычнасці — гэта не проста літаральнае значэнне кораня слова. Яны з'яўляюцца часткай нашай мовы, якая пастаянна развіваецца і адлюстроўвае разнастайнасць персон, якія выкарыстоўваюць гэтыя словы. Бісексуальнасць заўсёды была інклюзіўнай у адносінах да небінарных і транс-персон, і яе гісторыя непарыўна звязана з барацьбой за прызнанне ўсіх гендараў.

А як наконт пансексуальнасці?

Некаторыя персоны выкарыстоўваюць слова «пансексуальнасць», каб апісаць сваю цягу да людзей больш чым аднаго гендара. Пансексуальнасць вызначаецца як цяга да персон любога гендара або да персон незалежна ад іх гендара. Прэфікс «пан-» паходзіць ад грэчаскага прэфікса, які азначае «ўсё».

Некаторыя персоны выкарыстоўваюць тэрміны «бісексуальнасць» і «пансексуальнасць» як узаемазаменныя, у той час як іншыя выбіраюць толькі адно азначэнне для апісання сваёй ідэнтычнасці. Важна спытаць, якія словы персона хацела б выкарыстоўваць для апісання сябе, замест таго каб меркаваць або вызначаць за іншых. Няма «лепшага» тэрміна ідэнтычнасці, ёсць толькі найлепшы тэрмін ідэнтычнасці для вас.

Іншыя спосабы ідэнтыфікацыі

Сучасныя даследаванні паказваюць, што моладзь ЛГБТК+ выкарыстоўвае больш за 100 розных тэрмінаў для пазначэння сваёй сексуальнасці! Ідэнтычнасці, такія як омнісексуальнасць, абрасексуальнасць і скаліясексуальнасць, таксама могуць апісваць форму цягі да персон больш чым аднаго гендара, хоць гэтыя ідэнтычнасці не абавязкова з'яўляюцца сінонімамі або ўзаемазаменнымі са словам «бісексуальнасць».

Мультысексуальнасць адносіцца да ўсіх ідэнтычнасцяў, якія ўключаюць рамантычную і/або сексуальную цягу да персон больш чым аднаго гендара. Гэта адрозніваецца ад манасексуальнасці, якая вызначаецца як ідэнтычнасці, што ўключаюць цягу да персон аднаго гендара, напрыклад, выключна гетэрасексуальныя або гомасексуальныя ідэнтычнасці.

Мультысексуальныя ідэнтычнасці ўключаюць:

  • Квір (Queer) адносіцца да ідэнтычнасці, якая выходзіць за межы гетэрасексуальнасці. Слова, якое раней выкарыстоўвалася як абраза, але было пераасэнсавана супольнасцю і выкарыстана ў сацыяльных рухах, квір па-ранейшаму мае глыбокае сацыяльнае значэнне і з'яўляецца сімвалам салідарнасці.

  • Пансексуальнасць (Pansexual) — гэта тэрмін ідэнтычнасці для рамантычнай і/або сексуальнай цягі да персон незалежна ад гендарнай ідэнтычнасці або да персон усіх гендараў. Для некаторых пансексуальных персон гендар не з'яўляецца вызначальнай характарыстыкай цягі, якую яны адчуваюць да іншых.

  • Омнісексуальнасць (Omnisexual) адносіцца да персоны, якую прыцягваюць персоны усіх гендараў, і для якой гендар адыгрывае важную ролю ў цязе.

  • Абрасексуальнасць (Abrosexual) апісвае сексуальную цягу, якая з'яўляецца флюіднай (цякучай) і пастаянна змяняецца.

  • Скаліясексуальнасць (Skoliosexual) — гэта тэрмін, які адносіцца да цягі да трансгендэрных і небінарных персон.

  • Флюіднасць (Fluid) адносіцца да персоны, якая адчувае змены ў сваёй сексуальнай цязе з цягам часу і/або ў залежнасці ад сітуацыі. Некаторыя персоны могуць выявіць, што тыя, хто іх прыцягвае, і/або інтэнсіўнасць гэтых пачуццяў змяняюцца ў розныя дні або ў залежнасці ад таго, з кім яны знаходзяцца ў адносінах. Памятайце, што, хоць сексуальнасць можа быць флюіднай, спробы гвалтоўна змяніць сексуальнасць персоны шкодныя і неэфектыўныя.

Рамантычныя арыентацыі

Моладзь ЛГБТК+ знаходзіць усё больш шырокія спосабы апісання сваёй цягі, у тым ліку, калі гаворка ідзе пра вызначэнне іх рамантычнай арыентацыі. Гэтыя тэрміны важныя для асексуальных персон, якія адчуваюць слабую або нулявую сексуальную цягу. Многія асексуальныя персоны жадаюць рамантычных адносін, і рамантычныя арыентацыі — гэта спосаб для эйс-персон (скарачэнне ад asexual, якое выкарыстоўваецца ўнутры супольнасці для пазначэння асексуальных персон) паведаміць, з кім яны аддаюць перавагу сустракацца або ўступаць у адносіны. Вы можаце пачуць такія тэрміны, як бірамантычнасць або панрамантычнасць. Незалежна ад таго, з'яўляецца ваша цяга да больш чым аднаго гендара сексуальнай ці рамантычнай, вам рады ў бі-супольнасці.

Ці патрэбныя нам налепкі?

Налепкі могуць быць вялікай крыніцай самаразумення для некаторых персон ЛГБТК+. Паколькі мы жывём у грамадстве, дзе кожны па змаўчанні лічыцца гетэрасексуальнай і цысгендэрнай персонай, знаходжанне слоў для вызначэння сябе можа быць актам вызвалення. Налепкі могуць дапамагчы персонам звязацца адно з адным, дазваляючы ім адчуваць сябе менш адзінокімі і ствараць супольнасць разам.

Хтосьці лічыць налепкі важнымі, але для іншых яны могуць здацца абмежавальнымі. Гэта нармальна — даследаваць розныя варыянты або наогул іх пазбягаць! Вы ніколі не абавязаныя абазначаць сваю ідэнтычнасць пэўным чынам або раскрываць яе, асабліва калі гэта можа паставіць пад пагрозу вашу бяспеку.

ЧАМУ ВАЖНА ПАДТРЫМЛІВАЦЬ БІСЕКСУАЛЬНУЮ МОЛАДЗЬ

Хоць уся моладзь ЛГБТК+ схільная да больш высокай рызыкі сутыкнуцца з негатыўнымі наступствамі для псіхічнага здароўя, варта адзначыць, што бі-моладзь статыстычна сутыкаецца з большымі праблемамі, чым геі і лесбіянкі.

Згодна з маштабнымі даследаваннямі:

  • Амаль палова (49%) бі-моладзі сур'ёзна задумвалася пра самагубства за апошні год.

  • 66% бі-моладзі адчувалі сябе безнадзейна два тыдні запар і даўжэй. Гэта значна вышэй, чым у гетэрасексуальнай выбарцы (27%) або сярод іншых маладых людзей унутры ЛГБТК+ (49%)

  • Больш за адну з трох бісексуальных маладых персон паведамілі пра траўлю (булінг) у школе, і адна з пяці паведаміла пра тое, што іх прымушалі да палавога акту.

Гэтыя паказчыкі дамагальніцтваў і сексуальнага гвалту асабліва высокія для бі-персон у параўнанні з іншымі групамі. Гэтыя статыстычныя даныя падкрэсліваюць неабходнасць павышэння грамадскага разумення і падтрымкі. Мы павінны рабіць больш, каб зрабіць свет больш бяспечным месцам для бісексуальных маладых персон.

ПАДТРЫМКА СЯБЕ І АДНО АДНАГО

Прадухіленне бісексуальнай нябачнасці і біфобіі

Што такое біфобія?

Біфобія вызначаецца як страх, нецярпімасць або нянавісць да персон, якія адчуваюць цягу да персон больш чым аднаго гендара. Для бі-моладзі, якая знаходзіць на скрыжаванні іншых маргіналізаваных ідэнтычнасцяў, уздзеянне біфобіі ўзмацняецца.

Распаўсюджаныя прыклады біфобіі ўключаюць:

  • Негатыўныя рэакцыі на камінг-аут.

  • Каментары пра тое, што бі-персон не існуе або што ім трэба «выбраць бок».

  • Ацэнка «сапраўднай» бісексуальнасці па гісторыі адносін персоны.

  • Здагадка, што бі-персоны не заслугоўваюць даверу, больш схільныя да здрад або гіперсексуальныя.

  • Структурныя перадузятасці, такія як ігнараванне лекарамі або адмова ў прыёме на працу.

Інтэрналізаваная біфобія — гэта сістэма негатыўных перакананняў, якім навучаюць бі-персон пра саміх сябе. Пад ціскам грамадства многія пачынаюць верыць, што іх ідэнтычнасць «несапраўдная», «менш каштоўная» або што яны «самазванцы». Важна разумець: гэтае пачуццё — вынік працы біфобнага асяроддзя, а не ваша асабістая праблема. Патрабуецца час і адукацыя, каб «разучыцца» (unlearn) уздзеянню інтэрналізаванай біфобіі і развіць самапрыняцце.

Што такое бісексуальная нябачнасць?

Гэта элемент біфобіі, пры якім існаванне і легітымнасць бісексуальнасці ставяцца пад сумнеў або наўпрост адмаўляюцца. Самы часты прыклад — аўтаматычнае прысваенне ідэнтычнасці, зыходзячы з бягучых адносін. Калі бі-жанчына сустракаецца з мужчынам, яе памылкова запісваюць у «гетэра», калі з жанчынай — у «лесбіянкі». Гэта пазбаўляе персону права на яе ўласны досвед і робіць яе ідэнтычнасць нябачнай, незалежна ад рэальнасці яе пачуццяў.

Аспрэчванне здагадак

Адзін з асноўных спосабаў падтрымкі — гэта актыўнае аспрэчванне біфобных здагадак.

  • Працуйце над пераасэнсаваннем свайго разумення: людзі ў адносінах могуць быць любога гендара або арыентацыі.

  • Не стаўце пад сумнеў словы персон, калі яны дзеляцца з вамі сваёй ідэнтычнасцю.

  • Калі вы бачыце прыклад бі-сцірання, адрэагуйце на яго, паведаміўшы, што бісексуальнасць рэальная і сапраўдная.

Клопат пра сябе

Барацьба з біфобіяй можа быць знясільваючай. Калі вы ідэнтыфікуеце сябе як бісексуальная персона, пошук спосабаў паклапаціцца пра сябе — выдатны спосаб захаваць устойлівасць.

  • Знаходзьце супольнасці іншых бі-персон, якія могуць прапанаваць падтрымку.

  • Даведвайцеся больш пра бі-актывіст_ак і доўгую гісторыю барацьбы за правы бі-персон.

  • Выкарыстоўвайце творчыя магчымасці для выяўлення сваёй ідэнтычнасці.

  • Запісвайце афірмацыі, якія падкрэсліваюць каштоўнасць вашай бісексуальнасці.

  • Звяртайцеся па прафесійную псіхалагічную падтрымку ў лакальныя сяброўскія службы.

Што трэба памятаць пры навігацыі паміж гендарам і бісексуальнасцю

  • Пераход можа паўплываць на тое, як вы вызначаеце сваю сексуальнасць. Пры гендарным пераходзе цяга можа ссоўвацца або адкрывацца з новых бакоў. Гэта абсалютна нармальна і не робіць ваш досвед менш валідным. Калі вы заўважыце змены ў сваёй цязе пасля пераходу, нармальна эксперыментаваць з новымі налепкамі ці наогул без ніх.

  • Небінарныя персоны могуць быць бісексуальныя. Гендарная ідэнтычнасць прасціраецца далёка за межы бінарнасці. Бісексуальнасць заўсёды ўключала ў сябе небінарны досвед. Нармальна ідэнтыфікаваць сябе як бісексуальную і небінарную персону адначасова.

  • Мужчыны таксама могуць быць бісексуаламі. Бі-мужчыны часта падвяргаюцца стыгме, згодна з якой любая цяга да персон, акрамя жанчын, інтэрпрэтуецца як гей-арыентацыя. Мужчынам павінна быць дазволена выказваць і адчуваць цягу да персон больш чым аднаго гендара.

  • Бісексуальныя жанчыны існуюць. Для жанчын нярэдка існуе шкодны наратыў, што яны «проста эксперыментуюць» дзеля ўвагі. Бісексуальнасць для жанчын з'яўляецца сапраўднай ідэнтычнасцю, якая не вызначаецца бягучымі адносінамі. Вельмі важна падтрымліваць і абараняць бі-жанчын.

НАВІГАЦЫЯ ПА АДНОСІНАХ

Вывучэнне розных тыпаў адносін

Біфобія можа праяўляцца па-рознаму ў залежнасці ад таго, як будуюцца вашы адносіны. У дачыненні да бі-персон у манагамных адносінах часта ўзнікаюць ілжывыя здагадкі, што такая персона «не здольная» захоўваць вернасць. Важна падкрэсліць: бі-персоны здольныя на глыбокую вернасць у манагамных адносінах гэтак жа, як і ўсе астатнія.

Існуюць перадузятасці, што бі-персоны па змаўчанні павінны быць паліяморнымі або неманагамнымі. Гэта не адносіцца да ўсіх. Фармат адносін не вызначаецца сексуальнасцю. Акрамя таго, біфобія часта спараджае міф, што жаданне мець паліяморную структуру з'яўляецца «прагнасцю». Кожная персона заслугоўвае таго тыпу адносін, які дазваляе ёй адчуваць сябе падтрыманай. Персоны любой арыентацыі могуць выбіраць любую структуру адносін, і ніводная з іх не з'яўляецца менш «правільнай».

Як вызначыць, здаровыя мае адносіны ці не?

Статыстычныя даныя падкрэсліваюць, наколькі крытычна важна ўмець распазнаваць трывожныя сігналы. Згодна з аналізам даных:

  • 21% бі-моладзі паведамілі пра тое, што іх прымушалі да палавога акту (уключаючы 24% бі-жанчын і 8% бі-мужчын).

  • Для параўнання: гэты паказчык складае 16% сярод іншых маладых людзей з ЛГБТК+ супольнасці і толькі 5% — сярод гетэрасексуальнай моладзі.

Статыстыка паказвае, што бі-персоны (і асабліва бі-жанчыны) сутыкаюцца з значна больш высокай рызыкай гвалту ў блізкіх адносінах. Важна, каб тыя, хто побач з вамі, прызнавалі і паважалі вашу бі-ідэнтычнасць.

Адносіны могуць быць нездаровымі або абразлівымі, калі вы сутыкаецеся з наступным:

  • Вашу бісексуальнасць абясцэньваюць, называючы яе «часовай фазай» або «спосабам прыцягнуць увагу».

  • Вашу ідэнтычнасць высьмейваюць або прымушаюць вас адчуваць сорам за тое, хто вы ёсць.

  • Вашу арыентацыю выкарыстоўваюць як нагоду для беспадстаўнай рэўнасці або абвінавачванняў у здрадзе.

  • Вашы зносіны з людзьмі розных гендараў спрабуюць празмерна кантраляваць.

  • Вас прымушаюць выбіраць крайнасці, патрабуючы ідэнтыфікаваць сябе альбо як «цалкам гетэрасексуальную», альбо як «цалкам гомасексуальную» персону.

  • Вам пагражаюць здзейсніць аўтынг без вашай згоды.

  • Вас спрабуюць ізаляваць ад ЛГБТК+ супольнасці або груп падтрымкі.

  • Вамі маніпулююць, выкарыстоўваючы існуючую стыгму, каб пераканаць: ніхто, акрамя гэтага чалавека, вас не зразумее.

Калі вы адчуваеце, што ваша бяспека пад пагрозай, звярніцеся па прафесійную дапамогу. Вы вартыя здаровых адносін, і ў вас заўсёды ёсць магчымасць атрымаць падтрымку і знайсці бяспечны выхад.

ГАРАДЗІЦЕСЯ БІСЕКСУАЛЬНАСЦЮ

Бі-супольнасць напоўненая натхняльнымі персонамі. Памятайце:

  • Вам не трэба здзяйсняць камінг-аут, каб ваша ідэнтычнасць была сапраўднай.

  • Той, хто вас прыцягвае, тыя, з кім вы сустракаецеся, або з кім вы займаецеся сексам, не ўплывае на тое, наколькі ваша ідэнтычнасць з'яўляецца ісціннай. Вы ніколі не абавязаныя даказваць сваю сексуальнасць.

  • Ваша бісексуальнасць рэальная. Вы заслугоўваеце столькі дабрыні і клопату за тое, што вы ёсць менавіта той, хто вы ёсць!

4 крокі для стварэння падтрымкі супольнасці:

  1. Самаадукацыя: Чытайце артыкулы, кнігі і слухайце падкасты ад бі-персон пра іх досвед.

  2. Актыўнае слуханне: Слухайце бі-персон і верце іх досведу, не патрабуючы ад іх «доказаў».

  3. Барацьба з перадузятасцямі: Разбурайце інтэрналізаваныя перадузятасці, працуйце над тым, каб не рабіць аўтаматычных здагадак пра арыентацыю на аснове бягучых адносін.

  4. Стварэнне прастор: Рабіце свае супольнасці, чаты і размовы месцам, дзе бі-ідэнтычнасць бачная, паважаная і бяспечная.

 

Популярное в разделе