«Самапрыняцце — гэта так страшна і так важна; яно можа заняць вельмі шмат часу, але канчатковы вынік — гэта самае вызваленчае пачуццё. Я так ганаруся тым, што я — небінарная персона, і не магу дачакацца, калі змагу адчуць поўнае прыняцце з боку асяроддзя». — 19 гадоў
Гэты гайд з’явіўся дзякуючы досведу людзей, якія проста зараз праходзяць свой шлях: адкрываюць у сабе трансгендарнасць, небінарнасць або проста даследуюць межы сваёй ідэнтычнасці. Гэты тэкст дапаможа беражліва паставіцца да сваіх пачуццяў. У ім сабраны адказы на важныя пытанні: ад першых сумневаў і пошуку імя да забеспячэння асабістай бяспекі і клопату пра ментальнае здароўе. Гэта не строгая інструкцыя, а перш за ўсё падтрымка для транс- і небінарных персон, а таксама для ўсіх, хто знаходзіцца побач і хоча зразумець вас лепш.
Пра словы і налепкі
Мова — гэта наш галоўны інструмент самавызначэння. Удала падабранае слово можа падарыць дзіўнае пачуццё супольнасці, але часам налепкі падаюцца цеснымі. Тут важна памятаць адно простае правіла: выкарыстоўвайце толькі тыя словы, у якіх вам камфортна сёння. З часам ваша ўспрыманне можа змяніцца, і гэта абсалютна нармальна. Мы ўсе розныя, таму заўсёды варта ўдакладняць, якія займеннікі пажаданыя для звароту.
Хаця мова пастаянна змяняецца, ёсць базавыя паняцці, якія дапамагаюць зарыентавацца. Напрыклад, трансгендарнасць — гэта калі ўнутранае самаадчуванне адрозніваецца ад прыпісанага пры нараджэнні полу. Хтосьці ўсведамляе сябе як транс-жанчына або транс-мужчына, а хтосьці выбірае небінарнасць — парасонавы тэрмін для тых, чыя ідэнтычнасць выходзіць за межы выбару паміж «мужчынам» і «жанчынай». Сюды адносяцца гендэрфлюіднасць, калі самаадчуванне змяняецца з часам, гендэрквір і многія іншыя ідэнтычнасці. Асобна варта згадаць інтэрсекс-персон — тых, хто нараджаецца з варыяцыямі палавых прыкмет, якія не ўпісваюцца ў бінарныя медыцынскія катэгорыі полу. Гэта не тое самае, што трансгендарнасць, але гэта таксама важная грань чалавечай шматстайнасці.
Калі мы гаворым пра транзішн або пераход, мы маем на ўвазе працэс любых змяненняў — сацыяльных, юрыдычных ці медыцынскіх, — якія патрэбны для дасягнення камфорту. Ваша ідэнтычнасць важная сама па сабе, нават калі вы не плануеце здзяйсняць пераход або жывяце ў «стэлсе», калі навакольныя не ведаюць пра ваша мінулае.
Шлях да ўласнай ідэнтычнасці
«Мне б хацелася ведаць, што сумнявацца ў сваёй ідэнтычнасці — гэта цалкам нармальна. Кожны мае права прыйсці да высновы, якая будзе асабістай, а не навязанай іншымі». — 24 гады
Пошук сябе — гэта не экзамен, а захапляльнае даследаванне. Бывае так, што вы адчуваеце канфлікт паміж чаканнямі грамадства і сваім унутраным светам. Пошук «Я» можа здавацца вельмі самотным досведам, але вы не адны — мноства людзей праходзяць праз тыя ж сумневы.
Важна памятаць, што гендэрная неканформнасць не з’яўляецца перашкодай для вашай ідэнтычнасці. Можна быць транс-мужчынам, якому падабаецца касметыка, або небінарнай персонай з любымі захапленнямі. Тое, хто вы ёсць, вызначаецца вашым унутраным пачуццём, а не састарэлымі стэрэатыпамі пра маскуліннасць ці феміннасць.
Камінг-аўт: як расказаць пра сябе
Камінг-аўт — гэта не аднаразовая падзея, а працэс, який можа паўтарацца ўсё жыццё. Самае галоўнае: вы не абавязаны адкрывацца, калі адчуваеце, што гэта небяспечна. Ваша ідэнтычнасць сапраўдная, нават калі пра яе ведаеце толькі вы. Калі ж вы адчуеце гатоўнасць расказаць блізкім, да гэтага можна падрыхтавацца.
Паспрабуйце для пачатку «прашчупаць глебу»: згадайце ў размове вядомую транс-персону або персанажа фільма, каб паглядзець на рэакцыю. Выбірайце для размовы час і месца, дзе вы будзеце адчуваць сябе ўпэўнена. Часам лепш выкарыстоўваць нейтральную прастору, якую можна лёгка пакінуць. У практыцы стварэння гэтага гайда быў прыклад, калі чалавеку было зручней размаўляць у машыне: адсутнасць прамога зрокавага кантакту трохі зніжала напружанне. Таксама заўсёды варта мець план бяспекі: калі вы жывяце з людзьмі, у чыёй падтрымцы не ўпэўнены, загадзя падумайце, да каго з блізкага кола можна пайсці і дзе ляжаць вашы дакументы.
Што рабіць, калі вас не зразумелі
На жаль, не ўсе сустрэчы праходзяць гладка. Калі вы сутыкнуліся з негатывам, дайце сабе час, каб пражыць гэта і аднавіцца. Вы маеце поўнае права спыніць стасункі, калі яны прыносяць толькі боль. Можна паспрабаваць акрэсліць межы, сказаўшы: «Я разумею, што табе цяжка звыкнуцца, але мне балюча чуць старое імя. Калі ласка, паважай маю просьбу».
Што датычыцца бацькоў, іх негатыўная рэакцыя часта прадыктавана не адсутнасцю любові, а страхам за вашу будучыню. Шмат каму з іх патрэбен час на адаптацыю. Як кажа адна з мам: «Страх перед невядомасцю можа быць прыгнятальным. Але гэта не значыць, што з часам мы не станем вашымі самымі вялікімі прыхільнікамі».
Дысфарыя, эйфарыя і клопат пра сябе
Гендэрная эйфарыя — гэта пачуццё шчасця і правільнасці, калі ўсё нарэшце становіцца на свае месцы. У супрацьвагу ёй гендэрная дысфарыя прыносіць дыскамфорт і стрэс ад неадпаведнасці цялеснага і ўнутранага. Важна разумець, што не ўсе транс-персоны адчуваюць дысфарыю, і кожны спраўляецца з ёй па-рознаму. Камусьці дапамагае змена стылю, камусьці — выкарыстанне спецыяльных аксесуараў, такіх як біндэры або пэкеры. Шукайце тое, што дарыць камфорт менавіта вам. Пры гэтым не забывайце пра ментальнае здароўе: калі вы адчуваеце, што не спраўляецеся, абавязкова звяртайцеся да спецыялістаў, дружалюбных да супольнасці.
Юрыдычныя і медыцынскія пытанні
Шлях пераходу моцна залежыць ад таго, у якой краіне вы знаходзіцеся. Сацыяльны пераход, то бок змена імя і займеннікаў у коле стасункаў — гэта важны крок, які даступны ўсюды. Вы заўсёды можаце папрасіць называць вас інакш неафіцыйна.
У медыцынскім аспекце сітуацыя складаней: у некаторых краінах доступ да гарманальнай тэрапіі абмежаваны законам або даступны толькі ў прыватным парадку. Галоўная задача тут — знайсці кампетэнтнага і беражлівага спецыяліста. Выкарыстоўвайце «сарафаннае радыё» ўнутры супольнасці і правераныя базы праваабарончых арганізацый, каб не сутыкнуцца з дыскрымінацыяй у кабінеце. Што датычыцца дакументаў, іх юрыдычная змена магчымая не ўсюды. Абывязкова ўдакладніце актуальную заканадаўчую сітуацыю ў вашым рэгіёне праз профільныя НДА перад тым, як пачынаць любыя бюракратычныя працэдуры.
Ваша бяспека ў рэальнасці
У ідэальным свеце школа і праца — гэта бяспечныя месцы, але ў рэальнасці нам часта даводзіцца быць асцярожнымі. Ваша ідэнтычнасць — гэта ваша прыватная інфармацыя, таму не забывайце пра лічбавую гігіену. Перапіскі ў гаджэтах часам становяцца прычынай выпадковага аўтынгу, таму надзейныя паролі і двухфактарная аўтэнтыфікацыя — гэта вашы найлепшыя сябры.
У навучальных установах, сутыкаючыся з цкаваннем, варта цвяроза ацэньваць свае сілы. Часам спроба дабіцца справядлівасці праз адміністрацыю можа пагоршыць сітуацыю. Калі вы вырашыце шукаць падтрымку з боку тых, хто старэйшы, пераканайцеся, што гэта бяспечна для вас і для іх, беручы пад увагу абмежаванні, якія накладаюцца мясцовым заканадаўствам. Шукайце тых, каму вы давяраеце, або звяртайцеся ў службы псіхалагічнай дапамогі. Памятайце: ваша галоўная задача — захаваць сябе да моманту, калі вы зможаце стаць незалежнымі.
Для тых, хто побач: сяброў і сем’яў
Калі вы чытаеце гэты гайд, значыць, вам даверыліся, і гэта вельмі каштоўна. Проста паверце чалавеку і выслухайце без асуджэння. Найлепшае пытанне, якое вы можаце задаць: «Што я магу зрабіць, каб дапамагчы?». Выкарыстанне новага імя — гэта велізарны знак павагі. Калі вы памыліліся і назвалі чалавека па-старому — не рабіце з гэтага трагедыі, просто папрасіце прабачэння і выправіцеся.
У коле падтрымкі дзеляцца: «Пасля камінг-аўту блізкі чалавек застаецца ўсё той жа значнай асобай. Але здольнасць адкрыта быць сабой дае столькі свабоды, што гэта натхняе ўсіх вакол».
Мы шчыра спадзяемся, што гэты шлях прывядзе вас да такой самай свабоды. Памятайце, вы не адны.



