Гэта інфармацыя дастасоўная да ўсіх тыпаў адносін з дзецьмі і падлеткамі, а не толькі да традыцыйных сувязяў унутры сям'і.
Бацькі адыгрываюць велізарную ролю ў жыцці гендарна-варыятыўных маладых персон. Сусветны даследчы кансенсус пацвярджае: падтрымліваючае выхаванне крытычна важнае для псіхічнага здароўя, самаацэнкі і пазітыўнага погляду дзіцяці на жыццё. З іншага боку, адхіляючыя паводзіны напрамую звязаны з рызыкай дэпрэсіі і суіцыдальных думак. Самае важнае, што мы можам зрабіць, — гэта дазволіць дзецям быць сабой.
Кожная сям'я ўнікальная. Камусьці даводзіцца больш турбавацца пра фізічную бяспеку дзіцяці па-за домам, але ўсе сем'і павінны ўлічваць, як іх падыход уплывае на псіхалагічны дабрабыт у доўгатэрміновай перспектыве.
Падтрымліваючыя паводзіны
Падтрымліваючыя паводзіны ўмацоўваюць самаацэнку і пачуццё ўласнай годнасці. Нават калі нейкія змены даюцца вам цяжка, важна прадэманстраваць дзіцяці сваю безумоўную падтрымку.
Стварэнне бяспечнага асяроддзя
Дом павінен быць сховішчам. Здольнасць зрабіць дом месцам бяспекі і падтрымкі — галоўны фактар здароўя дзіцяці. Гэта стварае «буфер» супраць цяжкасцей знешняга свету. Калі вам самім складана прыняць ідэнтычнасць дзіцяці, звярніцеся па дапамогу да спецыяліст_кі (псіхолаг_іні).
Патрабаванне павагі
Важна патрабаваць ад блізкіх толькі добрых і паважлівых адносін да дзіцяці. Вы не можаце змяніць чужое меркаванне, але можаце дыктаваць правілы паводзін у вашай прысутнасці. Абарона інтарэсаў дзіцяці часта прыносіць бацькам пачуццё палёгкі і ўнутранай сілы.
Падтрымка гендарнага самавыяўлення
Гэта значыць дазваляць дзіцяці выбіраць без ціску:
-
адзенне, якое хочацца насіць;
-
цацкі і спосабы гульні;
-
аксэсуары і прычоску;
-
элементы дэкору ў сваім пакоі.
Таксама важна абмяркоўваць магчымыя негатыўныя рэакцыі па-за домам і адпрацоўваць адказы на іх. Свае супярэчлівыя пачуцці наконт ідэнтычнасці дзіцяці лепш абмяркоўваць з іншымі дарослымі, не ўцягваючы ў гэта дзяцей.
Нецярпімасць да непавагі
Праяўляйце цвёрдасць, калі чуеце негатыўныя каментарыі пра дзіця, нават калі яго ці яе няма побач. Гэта тычыцца размоў з блізкімі, іншымі бацькамі або супрацоўнікамі школы.
Адкрытыя і сумленныя зносіны
Праяўляйце сапраўдную цікавасць да таго, як дзіця бачыць сябе. Будзьце партнёрамі ў гэтым працэсе. Гэта дапаможа вам своечасова заўважыць узровень стрэсу і зразумець, ці патрэбна дадатковая знешняя дапамога.
Адхіляючыя паводзіны
Адхіляючыя паводзіны падрываюць веру ў сябе. Гендарна-варыятыўныя маладыя персоны, якія не атрымліваюць падтрымкі дома, апынаюцца ў вельмі ўразлівым становішчы. У нашых рэаліях гэта часта прыводзіць да глыбокай ізаляцыі, сыходу з дому або страты сувязі з блізкімі. Адмова прымаць сапраўдную ідэнтычнасць дзіцяці транслюе думку пра непатрэбнасць і адсутнасць каштоўнасці.
Калі вы пазнаеце ў спісе ніжэй свае дзеянні, пастарайцеся праявіць спачуванне да сябе. Многія калісьці рабілі памылкі. Важна ўзяць на сябе абавязацельства падтрымліваць дзіця з гэтага моманту.
Вербальная агрэсія, крыкі і фізічны гвалт
Гэта адны з самых разбуральных дзеянняў. Агрэсія не прымусіць дзіця змяніцца, але шматаразова павялічыць рызыку самагубства. Старайцеся прапрацоўваць свой гнеў са спецыяліст_камі, не выплёскваючы яго на дзіця.
Выключэнне з сямейных мерапрыемстваў
Спроба пазбегнуць «няёмкасці» перад навакольнымі пасылае сігнал сораму. Настойванне на тым, каб дзіця «паводзіла сябе нармальна» або навязванне бінарных гендарных нормаў («апранайся як належыць») прымушае дзяцей адчуваць, што камфорт іншых важнейшы за ўласны дабрабыт.
Блакіроўка доступу да падтрымкі
Забарона на зносіны з гендарна-варыятыўнымі сябрамі або наведванне ЛГБТК+ мерапрыемстваў узмацняе ізаляцыю. Гэта адразае моладзь ад крытычна важнай сістэмы падтрымкі і ўзмацняе стыгму.
Абвінавачванне ў дыскрымінацыі
Заяўляць, што дзіця «само вінаватае» ў дрэнным стаўленні з боку навакольных, — неверагодна небяспечна. Гэта транслюе думку, што жорсткасць іншых апраўдана асаблівасцямі самой персоны.
Асуджэнне і насмешкі
Непаважлівае стаўленне або папушчальніцтва насмешкам з боку іншых пазбаўляе дзяцей пачуцця абароненасці.
Асуджэнне на аснове перакананняў
Запужванне пакараннем на аснове рэлігійных або традыцыйных перакананняў значна пагаршае псіхічнае здароўе і пазбаўляе веры ў падтрымку сям'і.
Дыстрэс, адмаўленне і сорам
Калі дзіця бачыць, што яно выклікае ў вас толькі сорам і пакуты, гэты ціск пераходзіць ва ўнутранае адчуванне віны. Небяспечна адкрыта дэманстраваць адмаўленне ідэнтычнасці або самавыяўлення дзіцяці.
Маўчанне і сакрэтнасць
Патрабаванне хаваць сваю ідэнтычнасць кажа дзіцяці, што з такім самаадчуваннем нешта фундаментальна не так і што праўда пра сябе непрымальная.
Ціск з мэтай адпаведнасці нормам
Нават калі вы хочаце «абараніць» дзіця, просьба маскаваць сваю сутнасць паказвае на тое, што вы не прымаеце асобу дзіцяці цалкам.



