Гэтае кіраўніцтва створана FSTB — дацкай Асацыяцыяй падтрымкі трансгендарных дзяцей — і прызначана ў якасці падтрымліваючага рэсурсу для членаў сям'і і сваякоў трансгендарных дзяцей і падлеткаў. Яго змест заснаваны на выніках апошніх даследаванняў, прафесійным вопыце, а таксама ведах FSTB пра трансгендарных дзяцей і падлеткаў. Арыгінал гэтай публікацыі быў падрыхтаваны пры падтрымцы Дацкага ўпраўлення аховы здароўя (Sundhedsstyrelsen).
FSTB працуе з дзецьмі, падлеткамі і іх сем'ямі, дапамагаючы ім знайсці індывідуальныя стратэгіі і практычныя рашэнні для розных сітуацый. Кансультант_кі FSTB гатовы адказаць на пытанні і даць рэкамендацыі, заснаваныя на ведах і вопыце ў галіне падтрымкі трансгендарных дзяцей і падлеткаў.
Кантактныя даныя кансультант_ак можна знайсці на сайце www.fstb.dk
Тэрміны і выразы
Гендар (сацыяльны). Мы ўсе нараджаемся ў свеце, у якім наш гендар моцна ўплывае на чаканні і магчымасці, з якімі мы сутыкаемся ў жыцці. Нароўні з іншымі фактарамі, гендар фармуе нас і наша асяроддзе і, такім чынам, задае рамкі нашага жыцця і нашых адносін з іншымі людзьмі.
Прыпісаны пол. Немаўлятам прыпісваюць пол на аснове іх вонкавай анатоміі. Прыпісаны немаўлятам пол вызначае іх юрыдычны пол. Гэта азначае, што дзіця рэгіструецца як хлопчык ці дзяўчынка з гендарна-маркіраваным нумарам сацыяльнага страхавання (у Даніі), які выкарыстоўваецца ў дзяржаўных сістэмах, рэестрах і г. д.
Гендарныя прыкметы. Пэўныя характарыстыкі або ўласцівасці чалавечага цела традыцыйна асацыююцца з маскуліннасцю або феміннасцю (мужчынскім або жаночым гендарам): напрыклад, расліннасць на твары, грудзі, геніталіі, тэмбр голасу, рост/целасклад і г. д. Ніводная з гэтых характарыстык сама па сабе не вызначае гендарную ідэнтычнасць чалавека. Аднак яны могуць уплываць на тое, як гендар чалавека ўспрымаецца навакольнымі.
Гендарная ідэнтычнасць. У кожнай персоны ёсць гендарная ідэнтычнасць. Яна вызначаецца не целам ці вонкавым выглядам, а тым, як мы самі разумеем і адчуваем сябе. Гэта ўнутранае самаадчуванне.
Трансгендарны чалавек / Транс-персона. Трансгендарныя людзі звычайна адчуваюць несаўпадзенне паміж сваёй гендарнай ідэнтычнасцю і полам, які быў ім прыпісаны пры нараджэнні. Прыпісаны трансгендарным людзям пол і тое, як іх успрымаюць іншыя людзі з нараджэння, не адпавядае іх унутранаму самаадчуванню.
Гендарнае самавыражэнне. Спосабы, якімі персона выражае свой гендар праз вонкавы выгляд і паводзіны. Па сутнасці, такія рэчы, як адзенне, фрызуры, цацкі і колеры, не маюць біялагічнага полу. Аднак у многіх з нас ёсць чоткае ўяўленне пра тое, што ў грамадстве лічыцца маскулінным, фемінным або гендарна-нейтральным самавыражэннем.
Гендарная ідэнтычнасць дзяцей і падлеткаў
Трансгендарныя дзіця і падлеткі — не новая з'ява. Даследаванні паказваюць, што прыкладна 1% насельніцтва з'яўляюцца трансгендарнымі людзьмі. У апошнія гады грамадства стала больш адкрытым і, адпаведна, больш інфармаваным пра трансгендарных дзяцей і падлеткаў.
Нядаўнія даследаванні* паказваюць, што развіццё гендарнай ідэнтычнасці ў трансгендарных дзяцей і падлеткаў вельмі падобнае да развіцця іх цысгендарных аднагодкаў. Даследаванні таксама пацвярджаюць: калі пачуццё гендарнай ідэнтычнасці дзіцяці або падлетка моцнае і ўстойлівае на працягу дзяцінства і юнацтва, то, хутчэй за ўсё, яны працягнуць ідэнтыфікаваць сябе з гэтым гендарам і ў дарослым узросце. У некаторых людзей гендарная ідэнтычнасць можа быць небінарнай або флюіднай (зменлівай). Аднак устойлівая гендарная ідэнтычнасць трансгендарных дзяцей і падлеткаў рэдка змяняецца ў больш познім узросце.
* Праект TransYouth — гэта першае ў сваім родзе даследаванне. Яно прысвечана групе трансгендарных дзяцей і падлеткаў з ЗША і Канады і накіравана на вывучэнне іх кагнітыўнага, псіхалагічнага і сацыяльнага развіцця.
Літаратура: Olson, K. R. (2016): Prepubescent Transgender Children: What we Do and Do Not Know. Journal of American Academy of Child & Adolescent Psychiatry, 55 (3). Fast, A. A. & Olson, K. R. (2018): Gender Development in Transgender Preschool Children. Child Development, 89
Калі дзеці і падлеткі могуць быць упэўненыя ў тым, што яны з'яўляюцца трансгендарамі?
Трансгендарныя дзеці могуць праяўляць неадпаведнасць свайго самаадчування прыпісанаму полу вельмі рана — ужо ў 2–3 гады. Таму адны бацькі даведваюцца пра гэта ў раннім дзяцінстве дзіцяці, тады як да іншых усведамленне прыходзіць пазней — у юнацтве або ўжо ў дарослым жыцці. Не існуе «правільнага» ці «няправільнага» ўзросту для таго, каб распавесці пра сваю гендарную ідэнтычнасць.
Падтрымка сям'і мае велізарнае значэнне для трансгендарных дзяцей і падлеткаў
Важна, каб трансгендарныя дзеці і падлеткі адчувалі, што іх разумеюць, прымаюць і любяць блізкія людзі. Нядаўнія даследаванні паказваюць, што калі трансгендарныя дзеці акружаны бяспечным і падтрымліваючым асяроддзем, яны развіваюцца гэтак жа, як і іх аднагодкі. Наадварот, адсутнасць падтрымкі і прыняцця ў сям'і можа негатыўна паўплываць на псіхічнае здароўе і павысіць рызыку развіцця трывожнасці, дэпрэсіі і селфхарму (самапашкоджання).
Часцей за ўсё бацькі і сваякі жадаюць найлепшага для дзіцяці, але могуць адчуваць неспакой наконт змен, якія суправаджаюць працэс гендарнага пераходу і жыцця ў адпаведнасці са сваёй ідэнтычнасцю.
Складаныя пачуцці
Бацькі і блізкія не заўсёды адразу разумеюць, што значыць быць трансгендарным чалавекам. Навіна пра тое, што дзіця ці сваяк з'яўляецца транс-персонай, можа выклікаць разгубленасць, няўпэўненасць, страх ці пачуццё гора.
Бацькі і сваякі могуць часам адчуваць, што не ў стане справіцца з задавальненнем патрэб дзіцяці або падлетка. Трансгендарнае дзіця або падлетак можа прайсці праз працяглы працэс роздумаў, перш чым вырашыцца раскрыць сваю ідэнтычнасць сям'і. Пытанні і асцярогі бацькоў і сваякоў могуць быць для іх крыўднымі, і яны могуць адчуваць сябе абцяжаранымі неабходнасцю зноў і зноў тлумачыць свае пачуцці. Таму пошук інфармацыі ў іншых крыніцах і абмеркаванне пытанняў і асцярог з іншымі людзьмі часам можа быць карысным выбарам для бацькоў і сваякоў.
«Мы абодва, бацькі, перажылі гора. І да таго ж мы адчувалі сябе вінаватымі, бо не змаглі зразумець сваё дзіця і так доўга ігнаравалі яго праблемы. У той жа час мы баяліся, што можам замкнуць дзіця ў пэўнай фазе. Усё, што мы думалі, што ведаем пра гендар і ідэнтычнасць, аказалася вельмі спрошчанай версіяй праўды. Мы сапраўды пачыналі з нуля» — Бацька/Маці
Літаратура: Olson, K. R., Durwood, L., DeMeules, M., McLaughlin, K. A. (2016): Mental health of transgender children who are supported in their identities. Pediatrics, 137(3). Simons L, Schrager SM, Clark LF, Belzer M. & Olson J. (2013): Parental support and mental health among transgender adolescents. Journal of Adolescent Health; 53, p. 791-793.
Саюзніцтва ў сям'і
Стаць прыкладам прыняцця і дапамагаць сваякам адаптавацца — найлепшы спосаб заняць саюзніцкую пазіцыю ў адносінах да трансгендарнага дзіцяці або падлетка. Калі блізкія праяўляюць актыўны ўдзел, гэта дае сігнал: цябе любяць і цэняць.
Даследаванні пацвярджаюць: бяспечнае хатняе асяроддзе значна зніжае ў трансгендарных дзяцей і падлеткаў рызыку селфхарму (самапашкоджання) і суіцыдальных думак.
Як дзейнічаць на практыцы:
- Слухайце і давайце прастору. Часцей за ўсё дзеці лепш за ўсіх ведаюць пра сваю ідэнтычнасць. Не цісніце, патрабуючы пастаянных тлумачэнняў. Падыходзьце да сітуацыі з пазітыўнай цікавасцю і павагай.
- Распаўсюджвайце інфармацыю. Невуцтва часта з'яўляецца прычынай недаразумення. Дапамагайце іншым даведацца больш пра гендарную ідэнтычнасць, каб зняць перадузятасці.
- Выкарыстоўвайце правільнае імя і займеннікі.* Вежліва папраўляйце іншых людзей, калі яны выкарыстоўваюць няправільнае імя або займеннікі ў адносінах да дзіцяці.
- Стварайце бяспечнае асяроддзе. Выказвайцеся супраць негатыўных каментарыяў або недарэчных пытанняў навакольных.
- Дапамажыце знайсці арыенціры. Трансгендарным дзецям важна бачыць сваё адлюстраванне ў іншых людзях. Дапамажыце знайсці ролевыя мадэлі і кантэнт, каб дзіця не адчувала сябе адзінокім.
* Займеннікі — гэта словы, якія ўказваюць на чалавека, не называючы яго імя. Напрыклад :ён/яго, яна/яе, яны/іх .
Літаратура: Trevor Project (2021): National Survey on LGBTQ Youth Mental Health 2021. West Hollywood, California: The Trevor Project.
Працэс гендарнага пераходу
Дзеці і падлеткі па-рознаму выражаюць сваю гендарную ідэнтычнасць. Нехта мяняе вонкавы выгляд, імя ці кола стасункаў. Для дзіцяці або падлетка важна праходзіць гэты працэс у сваім уласным тэмпе і так, як камфортна менавіта ім.
Задача блізкіх — забяспечыць бяспеку, каб дзеці маглі выражаць сваю гендарную ідэнтычнасць пераважным для іх спосабам.
Камінг-аўт: калі дзеці адкрываюцца
Некаторыя дзеці могуць распавесці бацькам пра сваю гендарную ідэнтычнасць яшчэ ў раннім узросце. Іншыя робяць гэта толькі ў падлеткавым узросце або пазней. Не існуе адзінага моманту, калі дзіця «павінна» адкрыта заявіць пра сябе — гэта залежыць ад мноства асабістых і знешніх фактараў.
Камусьці патрабуецца час, каб набрацца смеласці, праз страх быць адрынутымі. Іншым важна спачатку ўбачыць або сустрэць людзей з падобным вопытам, каб здолець падабраць словы для апісання сваіх пачуццяў. Некаторым падлеткам, чыё цела пачынае мяняцца падчас пубертату, можа тэрмінова спатрэбіцца медыцынская дапамога для прыпынення гэтага працэсу, што і падштурхоўвае іх да размовы з бацькамі.
Літаратура: Durwood, L., McLaughlin, K.A., & Olson, K. R. (2017): Mental health and self-worth in SociallyTransitioned Transgender Children. Journal of American Academy of Child and Adolescent Psychiatry, 56. Pullen Sansfaçon, A., Hébert, W., Lee, E. O. J., Faddoul, M., Tourki, D., Bellot, C. (2018): Digging beneath the surface: Results from stage one of a qualitative analysis of factors influencing the wellbeing of trans youth in Quebec. International Journal of Transgenderism, 19(2).
Сацыяльны пераход і самавыражэнне
Дзеці і падлеткі могуць прыняць рашэнне змяніць сваё гендарнае самавыражэнне, каб іх вонкавы выгляд адпавядаў іх гендарнай ідэнтычнасці.
Тэрмін «сацыяльны пераход» апісвае змены, якія адбываюцца, калі дзіця або падлетак мяняе свой вонкавы выгляд (напрыклад, фрызуру, адзенне), а таксама імя і займеннікі, каб адчуваць сябе больш камфортна. Такія змены цалкам абарачальныя, калі гендарная ідэнтычнасць дзіцяці або падлетка пасля зменіцца.
Трансгендарныя дзеці і падлеткі, якія мяняюць сваю фрызуру, адзенне, імя і займеннікі, каб прывесці вонкавае праяўленне гендара ў адпаведнасць з унутраным самаадчуваннем, часта адчуваюць пачуццё радасці і задавальнення. Найлепшы спосаб для бацькоў і сваякоў забяспечыць дабрабыт трансгендарнага дзіцяці або падлетка — гэта прызнаваць і паважаць іх жаданне змяніць сваё гендарнае самавыражэнне.
«На дадзены момант мне цалкам натуральна казаць пра маё дзіця, выкарыстоўваючы правільныя займеннікі і правільны род. Спачатку мы дамовіліся, што памылкі дапушчальныя, калі мы адразу ж іх выпраўляем» — Бацька/Маці
Калі наступае палавое паспяванне
Палавое паспяванне (пубертат) выклікае цялесныя змены, якія могуць стаць прычынай моцнага дыскамфорту для трансгендарных падлеткаў.
Трывога падлеткаў праз тое, што іх цела развіваецца няправільна з пункту гледжання іх самаадчування, можа праяўляцца ў выглядзе нізкай самаацэнкі, дэпрэсіі, трывожнасці або імкнення да самапашкоджання.
«Я зразумеў, што я трансгендарны чалавек, толькі ў 15 гадоў. Доўгі час я сумняваўся. Ці не пераконваў я сябе ў гэтым? Ці быў я дастаткова маскулінным, каб быць "сапраўдным" хлопцам? Ці быў я гатовы прайсці праз пераход, ці будзе менш складана проста пражыць жыццё як жанчына? Па меры таго як я даведваўся больш пра тое, што значыць быць трансгендарным чалавекам, і чуў гісторыі іншых транс-персон, мне стала ясна, што адзінае правільнае рашэнне — гэта здзейсніць камінг-аўт. Я адчуў велізарную палёгку, калі распавёў бацькам. Яны аказалі мне вялікую падтрымку і дапамаглі мне здзейсніць камінг-аўт перад пазасталымі членамі сям'і» — Трансгендарны падлетак
Варыянты гендар-афірматыўнай дапамогі
Трансгендарная ідэнтычнасць з'яўляецца натуральнай часткай чалавечай разнастайнасці і не мае патрэбы ў «лячэнні». Аднак жыццё ў целе, якое не супадае з самаадчуваннем чалавека, можа прывесці да моцнай фрустрацыі і пакут (гендарнай дысфарыі).
Гендар-афірматыўная дапамога можа палегчыць гэты дыскамфорт і дапамагчы падлеткам прывесці фізічнае развіццё ў адпаведнасць з іх гендарам.
Не існуе адзінага правільнага шляху. Не ўсім трансгендарным людзям патрэбныя медыцынскія ўмяшанні, у той час як для іншых яны жыццёва неабходныя. Жаданні і патрэбы падлетка павінны паважацца на працягу ўсяго шляху.
Медыцынская дапамога і пераход
Маладыя трансгендарныя людзі, якія маюць патрэбу ў медыцынскай дапамозе, у Даніі праходзяць усебаковае медыцынскае і псіхалагічнае абследаванне.
- Блакатары пубертату: Могуць быць прызначаны з мэтай часовай прыпынкі палавога паспявання. Гэта дае падлетку час на роздумы без страху перад незваротнымі зменамі цела (рост грудзей, ломка голасу і г.д.). Калі падлетак спыняе прымаць блакатары, пубертат аднаўляецца. Звычайна прызначаюцца пры дасягненні пэўнай стадыі палавога паспявання (стадыя Танэра 2).
- Гарманальная тэрапія: Прыкладна з 15–16 гадоў падлеткам можа быць прызначана гендарна-афірматыўная гарманальная тэрапія (тэстастэрон або эстраген). Гармоны прызначаюцца з мэтай узгаднення фізічнага развіцця падлетка з яго гендарнай ідэнтычнасцю.
- Хірургія: Асобы маладзейшыя за 18 гадоў не маюць права на хірургічныя аперацыі па генітальным пераходзе ў Даніі.
Літаратура : ReMedico, D., A. P. Sansfaçon, Zufferey A., Galantino G., Bosom M, Suerich-Gulick F. (2020): Pathways to gender affirmation in trans youth: A qualitative and participative study with youth and their parents. Clinical Child Psychology and Psychiatry, 25(4). Sundhedsstyrelsen (2018): Sundhedsfaglig hjælp ved kønsidentitetsforhold.
Кароткія вынікі
Прызнавайце гендарную ідэнтычнасць
- Заўсёды дазваляйце дзіцяці або падлетку самому вызначаць, каму і калі распавядаць пра сваю ідэнтычнасць.
- Выкарыстоўвайце правільнае імя і займеннікі дзіцяці.
- Стварыце ўмовы, каб дзіця адчувала сябе ў бяспецы, дзелячыся думкамі і пачуццямі.
- Сачыце за тым, каб іншыя сваякі паважалі ідэнтычнасць дзіцяці.
- Памятайце: не існуе «правільнага» ці «няправільнага» спосабу быць транс-персонай. У кожнага свае патрэбы і свой шлях.
Слухайце, каб разумець
- Давярайце таму, што дзіця кажа вам пра свой гендар.
- Вывучайце інфармацыю пра трансгендарнасць з правераных крыніц.
- Памятайце: ні бацькі, ні асяроддзе не могуць «сфармаваць» ці змяніць гендарную ідэнтычнасць дзіцяці.
- Паважайце права дзяцей і падлеткаў не браць на сябе ролю асветнікаў для дарослых.
Практыка саюзніцтва
- Забяспечце бяспечную атмасферу ў сям'і.
- Выпраўляйце сябе і іншых, калі гучыць няправільнае імя або займеннік.
- Спыняйце негатыўныя каментарыі і цкаванне (булінг) як у асабістых стасунках, так і на людзях.
- Праяўляйце пазітыўную цікаўнасць, клопат і павагу.
- Пераканайцеся, што ў дзіцяці ёсць нехта, хто яго разумее.
Чаму падтрымка важная
Падтрымка сям'і павышае самаацэнку, дабрабыт, а таксама ўмацоўвае сацыяльнае і ментальнае здароўе трансгендарных дзяцей і падлеткаў. Яна аказвае велізарны ўплыў на іх будучыню.
Многія дарослыя трансгендарныя людзі адзначаюць, што менавіта падтрымка блізкіх дапамагла ім здабыць упэўненасць у сабе і захаваць цёплыя адносіны з бацькамі, сябрамі і партнёр_камі.



