Джэйсан Раферці, MD, MPH, EdM, FAAP — выпускнік рэзідэнтуры Triple Board, педыятр і дзіцячы псіхіятр у Thundermist Health Centers (пацыентаарыентаваны медыцынскі цэнтр у Род-Айлендзе). Спецыялізуецца на лячэнні расстройстваў, звязаных з ужываннем псіхаактыўных рэчываў у падлеткаў, на гендарным і сексуальным развіцці, а таксама працуе ў спецыялізаваных клініках Hasbro Children’s Hospital і Emma Pendleton Bradley Hospital.
Доктар Раферці вядзе асветніцкую працу на мясцовым і нацыянальным узроўнях сумесна з Амерыканскай акадэміяй педыятрыі па тэмах эмацыйнага здароўя маладых мужчын, аказання дапамогі ЛГБТК-моладзі і прадухілення дзіцячай бяздомнасці.
Уводзіны
Выхаванне дзіцяці з разнастайнай гендарнай самаідэнтыфікацыяй можа выклікаць у бацькоў пытанні і трывогі — асабліва наконт псіхічнага дабрабыту дзіцяці. Даследаванні паказваюць, што пол звязаны з тым, з чым мы нараджаемся, і яго нельга «змяніць» умяшаннямі. Таму замест спробаў прадказаць або прадухіліць тое, кім дзіця стане, лепш бачыць і цаніць яго такім, якое яно ёсць зараз — нават у раннім узросце. Такі падыход умацоўвае прыхільнасць і павышае ўстойлівасць.
Амерыканская акадэмія педыятрыі рэкамендуе, каб дом быў месцам, дзе дзіця адчувае бяспеку і разумее: яго безумоўна любяць такім, якое яно ёсць. Ніжэй — частыя пытанні бацькоў пра гендарную ідэнтычнасць.
Ці вырасце маё дзіця трансгендэрнай персонай?
Да дашкольнага ўзросту дзеці пачынаюць распазнаваць гендарныя адрозненні — і фізічныя, і сацыяльныя. У іх развіваюцца пачуцці, думкі і фантазія, дзякуючы чаму яны даследуюць тэму полу. Важна прызнаць: крос-гендарныя перавагі і гульня — нармальная частка гэтага даследчага працэсу, незалежна ад будучай гендарнай ідэнтычнасці дзіцяці.
Пры гэтым даследаванні паказваюць, што дзеці, якія заяўляюць пра сваю гендарна-разнастайную ідэнтычнасць, ведаюць свой пол гэтак жа ясна і паслядоўна, як і іншыя дзеці. Ім гэтак жа карысныя падтрымка, любоў і сацыяльнае прызнанне.
Раней гендарна-разнастайныя заявы дзяцей часта лічыліся «магчыма вернымі» і не прызнаваліся да таго часу, пакуль дзіця не станавілася «дастаткова дарослым». Такі падыход не дапамагае: ён узмацняе дыскамфорт і пазбаўляе дзяцей важнай падтрымкі і разумення. Лепшае, што могуць зрабіць бацькі, — любіць і цаніць дзіця такім, якое яно ёсць зараз.
Што прымусіла маё дзіця ідэнтыфікаваць сябе з іншым полам?
Мы не да канца разумеем, чаму некаторыя дзеці адчуваюць сябе гендарна разнастайнымі або трансгендэрнымі. Аднак даследаванні паказваюць, што гендарная ідэнтычнасць звязана з біялогіяй, развіццём, сацыялізацыяй і культурай.
Няма доказаў таго, што бацькі «вінаватыя» ў гендарнай ідэнтычнасці дзіцяці, калі яна не адпавядае полу, вызначанаму пры нараджэнні. Дзіцячая траўма не прыводзіць да таго, што дзіця становіцца гендарна разнастайным або трансгендэрным, і не вызначае яго сексуальную арыентацыю. Розніца ў гендарнай ідэнтычнасці і самавыяўленні — нармальныя праявы чалавечай разнастайнасці.
Калі ўзнікаюць праблемы з псіхічным здароўем, часцей за ўсё яны звязаны са знешнімі фактарамі: цкаваннем, дыскрымінацыяй і іншымі негатыўнымі перажываннямі. Быць «не такім, як усе» сапраўды няпроста, асабліва ў дзяцінстве — і гэта можа правакаваць насмешкі або булінг. Калі гэта адбываецца, абмяркуй сітуацыю з выкладчыцкім складам і разам распрацуйце план прадухілення цкавання. І галоўнае: падтрымлівай, любі і прымай дзіця такім, якое яно ёсць.
Дзіця ўсё яшчэ даследуе гендарную ідэнтычнасць, але вельмі стрэсуе праз палавое саспяванне. Што можна зрабіць?
У перыяд палавога саспявання для часовага прыпынку фізічнага развіцця могуць выкарыстоўвацца блакатары гармонаў. Гэта зваротная мера, якая дае персоне больш часу для вывучэння сваёй гендарнай ідэнтычнасці.
Наяўныя даныя паказваюць, што затрымка палавога саспявання ў трансгендэрных дзяцей звычайна звязана з паляпшэннем псіхалагічнага стану ў падлеткавым і юнацкім узросце.
Для дзяцей, у якіх пры нараджэнні быў вызначаны жаночы пол, менструацыі могуць быць асабліва цяжкімі. Іх можна скараціць або спыніць з дапамогай блакатараў або некаторых сродкаў кантрацэпцыі.
Якія варыянты лячэння даступныя дзецям, якія ідэнтыфікуюць сябе як трансгендэрныя? Што ахоплівае працэс?
Калі персона заяўляе пра сваю ўстойлівую гендарную ідэнтычнасць, яна можа праходзіць працэс пацвярджэння гендарнай ідэнтычнасці (часам яго называюць «гендарным пераходам»). Гэты працэс уключае рэфлексію, прыняцце і — для некаторых — медыцынскія ўмяшанні.
Адзінага «правільнага» шляху, паслядоўнасці крокаў або абавязковай канчатковай кропкі не існуе. Працэс можа ахопліваць:
1) Сацыяльнае пацвярджэнне
Зваротныя змены, калі дзіця або падлетак выказвае сваю гендарную ідэнтычнасць праз прычоску, адзенне, займеннікі, імя і г. д.
2) Юрыдычнае пацвярджэнне
Афармленне элементаў сацыяльнага пацвярджэння (напрыклад, імя і маркера полу) у афіцыйных дакументах: пасведчанні аб нараджэнні, пашпарты, школьныя дакументы і г. д. Працэдуры адрозніваюцца ў залежнасці ад рэгіёна і часта патрабуюць дакументацыі ад медыцынскіх спецыялістаў.
3) Медыцынскае пацвярджэнне
Выкарыстанне гармонаў, якое дазваляе падлеткам пасля пачатку палавога саспявання развіваць прыкметы іншага полу. Частка змен можа быць часткова зваротнай пры спыненні прыёму гармонаў, частка — не.
4) Хірургічнае пацвярджэнне
Хірургічныя ўмяшанні часцей прымяняюцца ў дарослых, але ў асобных выпадках — у падлеткаў старэйшага ўзросту, каб змяніць пэўныя характарыстыкі (напрыклад, грудзі або геніталіі). Гэтыя змены незваротныя.
Рашэнне аб пачатку пацвярджальнага лячэння — асабістае і патрабуе ўважлівага ўзважвання рызык, пераваг і фактараў, унікальных для кожнага дзіцяці і кожнай сям'і. Аптымальна, калі дапамога аказваецца камандай: дзіця/падлетак, сям'я, асноўны лекар, спецыяліст_ка па псіхічным здароўі (пажадана з вопытам працы з трансгендэрнай і гендарна разнастайнай моладдзю), службы сацыяльнай падтрымкі і дзіцячы эндакрынолаг або профільн_ая спецыяліст_ка па падлеткавай гендарнай медыцыне (калі даступна).
Ці можна арганізаваць дыстанцыйны прыём у лекара?
Спытай у педыятра, ці магчымы дыстанцыйны прыём па тэлефоне або відэасувязі. Дзіцяці можа быць камфортней размаўляць з лекарам з дому.
Падлеткам важна забяспечыць максімальна зацішнае месца, каб яны маглі пагаварыць сам-насам. Вы можаце загадзя дамовіцца, што абмяркуеце з лекарам пытанні да або пасля прыватнай часткі размовы.
Калі пры відэасувязі падлетку спакайней з выключанай камерай, ён можа папрасіць лекара дазволіць гэта. Кантрольныя візіты для адсочвання прагрэсу таксама могуць праходзіць дыстанцыйна.
Калі дзіця кажа, што яно «гендарна зменлівае», ці значыць гэта, што яно заблыталася?
Не. Для некаторых людзей гендарная ідэнтычнасць можа быць зменлівай: яна можа адчувацца больш «мужчынскай», «жаночай», прамежкавай або іншай — у розных кантэкстах або ў розны час. Гэта можа быць часткай асабістага шляху або працэсу самапазнання.
Ці можа дзіця стаць трансгендэрнай персонай «пад уплывам сяброў» або інтэрнэту? Што, калі раней прыкмет не было?
Быць трансгендэрным — не «заразна». Некаторыя дзеці і падлеткі могуць не праяўляць або душыць гендарна-разнастайныя пачуцці да таго часу, пакуль не сустрэнуць бяспечнае асяроддзе, якое падтрымлівае — сярод аднагодкаў або ў анлайн-супольнасцях. Калі падтрымка з'яўляецца, раскрыццё можа выглядаць раптоўным і нечаканым для бацькоў.



