Уводзіны
Нацыянальнае ЛГБТ-партнёрства (The National LGBT Partnership) працуе над скарачэннем няроўнасці ў сферы здароўя і супрацьдзеяннем гамафобіі, біфобіі і трансфобіі ў дзяржаўных службах.
Гэта Партнёрства аб’ядноўвае экспертны досвед дзесяці ключавых ЛГБТ-арганізацый па ўсёй Англіі. Яно з’яўляецца сувязным звяном, ставячы праблемы ЛГБТ-людзей у павестку дня асоб, якія прымаюць рашэнні. Мэта Партнёрства — палепшыць доступ да паслуг аховы здароўя і забяспечыць чутнасць галасоў ЛГБТ-супольнасці.
У гэтым годзе тэма Тыдня здароўя ЛБТ-жанчын — «Парушаючы маўчанне». Яна мае на мэце асвятліць пытанні, якія часта лічацца цяжкімі для абмеркавання або табуяванымі. Мы ўдзяляем асаблівую ўвагу такім галінам, як расавая няроўнасць, псіхічнае здароўе, беднасць, менструацыя, цяжарнасць, менапаўза, вага, скрынінг шыйкі маткі, інваліднасць, а таксама хатні і сексуальны гвалт.
Хоць многія з гэтых тэм могуць быць складанымі для ўсіх, у лесбіянак, бісексуальных і транс-жанчын (або людзей, звязаных з феміннасцю) ёсць свае нюансы. Спецыяліст_кам у сферы аховы здароўя неабходна разумець гэтую спецыфіку.
Прыклады бар’ераў:
-
Лесбіянак (якія не займаюцца сэксам з мужчынамі) просяць зрабіць тэст на цяжарнасць пры прызначэнні лячэння, нягледзячы на фізічную немагчымасць цяжарнасці.
-
Лесбіянак або бісексуальных жанчын, якія зачалі з партнёр_кай праз клініку, пытаюцца пра кантрацэпцыю.
-
Транс-жанчынам не даюць карэктныя рэкамендацыі пра неабходныя абследаванні.
-
Для людзей, якія перажылі гвалт у дзяцінстве, пытанні пра арыентацыю могуць стаць трыгерам, калі лекары тлумачаць арыентацыю наяўнасцю траўмы.
Мэта гэтага кіраўніцтва — падаць інфармацыю пра ключавыя галіны, дзе галасы ЛБТ-жанчын рэдка бываюць пачутыя, і паказаць факты і статыстыку патрэб супольнасці. Гэтае кіраўніцтва напісана для ўсіх спецыяліст_ак медыцынскіх і сацыяльных службаў, а таксама для саміх ЛБТ-жанчын.
Няроўнасць у сферы здароўя ЛБТ-жанчын
ЛБТ-жанчыны часцей сутыкаюцца з дрэнным фізічным і псіхічным здароўем у параўнанні з гетэрасексуальнымі жанчынамі. Акрамя таго, яны адчуваюць непрапарцыйна высокі ўзровень дыскримінацыі і сутыкаюцца з бар’ерамі пры спробе атрымаць падтрымку.
Вось некаторыя факты пра няроўнасць:
-
27% лесбіянак і 42% бісексуальных жанчын паведамляюць пра наяўнасць доўгатэрміновага псіхічнага расстройства (NHS, 2019).
-
Пацыент_кі з сіндромам старэчай астэніі (хрусткасці) часцей за сярэдняе ідэнтыфікуюць сябе як ЛГБ або выбіраюць варыянт «іншае».
-
Узровень падлеткавай цяжарнасці сярод лесбіянак і бісексуальных жанчын вышэйшы, чым сярод гетэрасексуальных. Пры гэтым імавернасць зацяжарыць у бісексуальных дзяўчат-падлеткаў у два разы вышэйшая, чым у іх гетэрасексуальных аднагодак (Barker et al., 2012).
-
19,2% лесбіянак і 30,5% бісексуальных жанчын паведамляюць пра наяўнасць расстройства харчовых паводзін (Hunt and Fish, 2008).
-
Распаўсюджанасць усіх відаў раку вышэйшая сярод лесбіянак (4,4%) і бісексуальных жанчын (4,2%), чым сярод гетэрасексуальных жанчын (3,6%) (Saunders et al., 2017).
Нацыянальнае ЛГБТ-апытанне, праведзенае ў Вялікабрытаніі (Government Equalities Office, 2018), паказала:
-
Сярод тых, хто звяртаўся па дзяржаўную медыцынскую дапамогу, 16% паведамілі пра негатыўны досвед праз сваю сексуальную арыентацыю, а 38% — праз гендарную ідэнтычнасць.
-
80% транс-рэспандэнт_ак, якія звярталіся ў клінікі гендарнай ідэнтычнасці, назвалі гэты працэс складаным (у асноўным праз доўгае чаканне).
-
40% транс-рэспандэнт_ак сутыкнуліся з негатывам у дзяржустановах праз сваю гендарную ідэнтычнасць.
Няроўнасць не абмяжоўваецца толькі неякасным лячэннем. ЛБТ-жанчыны часцей кураць, празмерна спажываюць алкаголь і менш займаюцца фізічнай актыўнасцю, што часта абумоўлена стрэсам меншасцей.Таксама праз адсутнасць маніторынгу гендарнай ідэнтычнасці існуе дэфіцыт даследаванняў здароўя транс-жанчын.
Досвед узаемадзеяння з лекарамі
Досвед атрымання паслуг шмат у чым залежыць ад канкрэтн_ай спецыяліст_кі. Даследаванні паказваюць, што лесбіянкі і бісексуальныя жанчыны часта сутыкаюцца з негатывам у бальніцах, у тэрапеўт_ак і ў клініках сексуальнага здароўя, але маюць больш пазітыўны досвед у стаматалогіі і клініках фертыльнасці.
Адной з самых частых праблем з’яўляецца аўтаматычнае меркаванне пра гетэрасексуальнасць пацыент_кі. Медыцынскія работні_цы часта ігнаруюць камінг-аўт або адчуваюць сябе некамфортна, абмяркоўваючы арыентацыю. Гэта прыводзіць да таго, што ЛБТ-жанчыны атрымліваюць няслушныя медыцынскія рэкамендацыі.
Інтэрсекцыянальнасць
Негатыўны досвед размеркаваны нераўнамерна:
-
З ім часцей сутыкаюцца чарнаскурыя жанчыны, жанчыны азіяцкага паходжання і прадстаўні_цы іншых этнічных меншасцей.
-
Лесбіянкі і бісексуальныя жанчыны, якіх вонкава прымаюць за гетэрасексуальных, сутыкаюцца з праблемай «нябачнасці» і неабходнасцю пастаяннага камінг-аўту.
-
ЛБТ-жанчыны, якія таксама з’яўляюцца транс-персонамі, падвяргаюцца дадатковай дыскрымінацыі, напрыклад, місгендэрынгу (звароту ў няслушным родзе).
Усё гэта ўтрымлівае ЛБТ-жанчын ад звароту па дапамогу ў будучыні, што ставіць пад пагрозу іх здароўе.
Што можа дапамагчы?
Падтрымкай стане ўпэўненасць медыцынскіх работні_ц у абмеркаванні патрэб ЛБТ-жанчын. Для гэтага неабходна:
-
Навучанне персаналу карэктным пытанням і тэрміналогіі.
-
Веданне пра мясцовыя рэсурсы для ЛГБТ-супольнасці.
-
Маніторынг паслуг на прадмет сексуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці кліент_ак (каб лепш разумець аўдыторыю).
-
Размяшчэнне ў зонах чакання інфармацыі, якая адлюстроўвае ЛБТ-жанчын — гэта сігнал пра тое, што тут ім рады і іх патрэбы ўлічваюцца.
Літаратура: Barker, M., Richards, C., Jones, R., BowesCatton, H., Plowman, T., Yockney, J. and Morgan, M., 2012. The Bisexuality Report: Bisexual inclusion in LGBT equality and diversity. Centre for Citizenship, Identity and Governance, The Open University. Government Equalities Office, 2018. National LGBT Survey: Summary Report. Government Equalities Office. Hunt, R. and Fish, J., 2008. Prescription for Change: Lesbian and bisexual women’s health check. Stonewall. National LGBT Partnership, 2017. Best practice in providing healthcare to lesbian, bisexual and other women who have sex with women. NHS, 2019. GP Patient Survey National Results. Ipsos MORI. Saunders, C., Meads, C., Abel, G. and Lyratzopoulos, G., 2017. Associations Between Sexual Orientation and Overall and Site-Specific Diagnosis of Cancer: Evidence From Two National Patient Surveys in England. Journal of Clinical Oncology, 35(32), pp.3654-3661.
Псіхічнае здароўе
Брытанскія і міжнародныя даследаванні паказваюць больш высокую распаўсюджанасць стрэсу, трывогі і дэпрэсіі сярод лесбіянак і бісексуальных жанчын у параўнанні з гетэрасексуальнымі жанчынамі.
Пры гэтым у бісексуальных жанчын паказчыкі псіхічнага здароўя часта горшыя, чым у лесбіянак. «Справаздача пра бісексуальнасць» (The Bisexuality Report, 2012) звязвае гэта з досведам біфобіі і сціраннем бісексуальнасці (bi-erasure) — калі навакольныя ігнаруюць або адмаўляюць існаванне бісексуальных людзей.
Стрэс меншасцей
Важна разумець, што прыналежнасць да ЛБТ-супольнасці сама па сабе не выклікае праблем з псіхічным здароўем. Прычына крыецца ў стрэсе меншасцей (minority stress). Гэта хранічны стрэс, выкліканы жыццём у варожым асяроддзі: сутыкненне з дыскрымінацыяй, чаканне адхілення, страх перад гамафобіяй і трансфобіяй.
Для тых, у каго ёсць перакрыжаваныя ідэнтычнасці (інтэрсекцыянальнасць) — напрыклад, прыналежнасць да этнічных меншасцей або наяўнасць інваліднасці, — гэты стрэс узмацняецца.



